Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 281

Алесь Пашкевіч

Нічога, што позна у свет мы выходзім, нічога, што ўчора пакінулі плуг, ― нам крыўду стагоддзяў ліхіх нагародзіць гарачым уздымам акрылены дух…

Езавітаў здзівіў прысутных сваёй абазнанасцю ў паэзіі, але на яго просьбы чытаць свае вершы ў той вечар і Геніюш, і Арсеннева адмовіліся — праз некаторы час перайшлі ў другі пакой, каб пагаварыць аб сваім, жаночым.

― Няўжо давядзецца з'ехаць? — горка ўздыхнула Геніюш. — Я так хацела пажыць хоць тыдзень у сваёй Жлобаўцы, лесам падыхаць…

― А я ўжо неяк і звыклася — усюды за Францішкам. Яшчэ ад Вільні як пачалося… — Яна ўважліва паглядзела на сяброўку і нібыта падагуліла:

— А ехаць, адчуваю, давядзецца, і, па ўсім, надоўга… За два тыдні да пачатку вайны, у чэрвені 1941-га, у «бэсэсэраўскім» «ЛіМе» надрукавалі нізку маіх вершаў. Дык праз гэта немцам і ў галаву не прыйшло абвінавачваць мяне ў сувязях з Саветамі. А вось Саветы, калі б застацца, «сувязяў» толькі за «Беларускую Газэту» для Салаўкоў набяруць!

А развітваючыся, Кушаль сказаў Езавітаву:

― Знаеш, і мне баліць… Усё ў перамешку… Палон у 1939-м, турма НКВД у Маскве, вызваленне, Менская паліцэйская школа. І так хістае ажно з 1916-га! А затым БЦР, Астроўскі, кіраўніцтва БКА. Я ж хлопцаў адзін да аднаго выбіраў… А іх — у Докшыцкі раён на аперацыю. Разумееш?! Там мой батальён спаліў некалькі вёсак! — Езавітаў толькі цяпер заўважыў, што Кушаль захмялеў. — Мы з 1916-га — у абцугах! Смяешся? — Хоць Езавітаў і не думаў смяяцца. — Пачакай… Станеш начальнікам вайсковага адзьдзела БЦР — паглядзім, як заспяваеш…

― Ты гэта пра што?

― Пра адно і тое ж. Ёсць прапанова прасіць цябе аб гэтым. — Яны парукаліся. ― І мусіш згадзіцца, інакш — нават не ведаю, куды можа ўсё павярнуцца пад ачолам каго-небудзь іншага… Бывай!

…І вось ён — на Пляцы Волі, які патанае ў сонцы. Лёгкая хмурынка завісла была над касцёльнай званіцай — і знікла, нібы растала.

Здалося, што вайна адступіла, збегла з гэтага старадаўняга месца. Крыху наўзбоч, дзе колісь Няміга ўпадала ў Свіслач, бьло Замчышча з Ніжнім рынкам. Стагоддзяў з чатыры таму горад дарос і дасюль — тут, на Пляцы Волі, быў Верхні рынак. Тады ж забудоўваўся і левы бераг Свіслачы — Траецкае прадмесце, якое звязвалі з горадам, як і цяпер, два масты…