Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 274
Алесь Пашкевіч
― Маё не піша, а малюе, як пэндзаль, — патлумачыў.
Адамовіч адсунуў шуфляду — і скамянеў: у газэтным скрутку ляжала міна… Апальвалі два словы, напісаныя тлуста і няроўна: «Руками не трогать!»
― Уцякайце! Хутчэй уцякайце адсюль! — выкрыкнуў Адамовіч і асцярожна ўзняўся з-за стала.
З іншага пакоя пазванілі ў паліцыю. Паліцыянт — менскі немец, фольксдойч — прыйшоў праз некалькі хвілін, акуратна выцягнуў шуфляду і толькі вынес яе разам з мінай на прыступкі будынка, як гохнуў выбух. Паліцыянта разарвала на кавалкі...
Праз год пасля таго, як адзначылі шасцідзесяцігоддзе «бацькі беларускага тэатра» (як пісалі газэты пра Аляхновіча), увечары 3 сакавіка 1944 года да яго на віленскую кватэру зайшлі два наведвальнікі. На пісьмовым стале — карэктура «Беларускага Голасу» (падчас нямецкай акупацыі яе рэдагаваў Аляхновіч), часопісныя выразкі сваіх успамінаў пра перадваенныя гады тулянняў і ўцёкаў ад ГПУ - НКУС (вырашыў іх дапоўніць), рукапіс пра пачатак беларускага адраджэння, экземпляр напісанай у 1943 годзе камедыі «Круці ня круці — трэба памярці» — з свежым аўтографам аднаму знаёмцу…
У кабінеце пачалася спакойная размова, а каля васьмі гадзінаў вечара нечакана грымнуў стрэл… Жонка кінулася да мужа, і яе на прыступках ледзь не збіў адзін з наведвальнікаў.
Кроў з прастрэленай галавы Аляхновіча залівала стол, і ён толькі змог двойчы прашаптаць жонцы:
— Звані...
Частка IV
* * *
Некалі Менск, а цяпер Мінск шмат пабачыў за свой век, але эскадра варожых самалётаў у ягоным небе з'явілася ўпершыню…
У той дзень, 22 чэрвеня 1941 года, многія з мінчукоў былі ў пасёлку Весялоўка — на адкрыцці Камсамольскага возера. З бадзёрай прамовай выступіў таварыш Молатаў. А вечарам загохкалі першыя стрэлы зенітак і з'явіліся першыя нямецкія бамбавозы…
Праз шэсць дзён пасля таго Мінск быў акупаваны (за суткі вораг пасоўваў «легендарную» і «непераможную» Чырвоную армію на 50 - 100 кіламетраў. Аніякай эвакуацыі горада не было. Народнае апалчэнне ў Ждановічах і Уруччы, не атрымаўшы прадуктаў харчавання, выступіла на затрыманне нямецкага дэсанта з адной вінтоўкай на… дзесяцёх.
Дэкрэтам ад 17 ліпеня 1941 года Гітлер абвясціў аб стварэнні рэйхскамісарыята Остланд у складзе Літвы, Латвіі, Эстоніі і часткі Беларусі, рэйхсканцлерам прызначыў Лозе (яго рэзідэнцыя размяшчалася ў Рызе). Генеральны вокруг «Беларусь» узначаліў Кубэ, на чале Менскай гарадской управы з лістапада 1941 года стаў Вацлаў Іваноўскі.
З гэтага часу, на думку Езавітава, на Беларусі — да ўсяго — распачалася і новая грамадзянская вайна. Гаўляйтэр Кубэ, сам паэт-драматург, пачаў падтрымліваць мясцовых нацыянальных дзеячоў. Многія беларусы ў першыя дні акупацыі выяўлялі лаяльнасць да немцаў: ствараецца Беларуская народная самапомач, Саюз беларускай моладзі, закладваецца Беларуская рада даверу, адкрываюцца нацыянальныя школы, выдаюцца беларускія газэты.
Масква не магла змірыцца з гэтым, хоць і кінула дзесяцімільённы народ — як жывы шчыт — да ног фашыстаў. Пад яе патранажам распальвалася партызанская барацьба, якая толькі люціла нямецкія войскі супраць беларускага насельніцтва. Пачалося вынішчэнне беларусаў і немцамі — цэлымі вёскамі за аднаго забітага партызанамі салдата, і партызанамі. 5 сакавіка 1943 года ў рэдакцыі «Беларускай Газэты» падпольшчыкамі быў забіты лідэр нацыянал-сацыялістаў Фабіян Акінчыц, у лістападзе — рэдактар «Беларускай Газэты» Вацлаў Казлоўскі, у снежні — Вацлаў Іваноўскі, а таксама дзесяткі іншых беларусаў. Брат забіваў брата…