Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 265

Алесь Пашкевіч

Ці ж ведаць яму ў той дзень, што наперадзе яго яшчэ чакалі новыя арышты — і ў 1934-м, і ў 1935-м?

Наогул, гады з 1925-га па 1934-ы былі для Езавітава і самымі плённымі, і самымі цяжкімі. Мяняліся месцы працы: на пачатку 30-х ён выкладаў методыку роднай мовы і гісторыі літаратуры на двухгадовых Дзяржаўных беларускіх настаўніцкіх курсах у Рызе, вучыў маляванню ў Першай рыжскай беларускай пачатковай школе. З году ў год папаўняў свой архіў. У збіральніцкіх клопатах меў шырокую перапіску. Калекцыянаваў этнаграфічныя замалёўкі — і пісаў беларускаму мастаку Язэпу Драздовічу ў Вільню, прапаноўваючы яму выдаць працы асобным альбомам. Цікавіўся музыкай — і пытаў у лісце Рыгора Шырму:

«Ці няма ў Вас мэлёдый для «Пінскае шляхты»? Я хачу перадрукаваць яе з нотамі. Ужо даўно трэба было б гэтую п'есу выдрукаваць з нотамі, але неяк ніхто за гэтую справу не ўзяўся».

Высілкамі Езавітава ў Рызе перыядычна ладзіліся беларускія выставы і вечарыны…

Ноч з 3 на 4 лютага 1931 года Ігнатоўскі не спаў. Здавалася, штось чорнае, даўкае паўзло на яго з халоднай вуліцы праз шыбы вокнаў, ападала са столяў… Знясілілі доўгія допыты ў АДПУ, пакаяльныя лісты, пастановы парткалегій, шальмаванні ў друку. Месяц таму яго звольнілі з пасады прэзідэнта Акадэміі навук. І — новыя позвы ў сакрэтны адзьдзел, начальнік якога — як і дзень таму — будзе вымагаць ягонага подпіса пад загадзя складзеным пратаколам допыта:

«…признаю, что с момента вступления в партию я вёл сознательную двойную политическую игру в интересах осуществления идеалов белорусской контрреволюционной интеллигенции…».

А за што пабралі хлопцаў — яго малодшых сяброў, пісьменнікаў, навукоўцаў? Амаль цалкам знішчылі літзгуртаванне «Узвышша»…

Ранак не прынёс адхлання. Ігнатоўскі прыйшоў на кухню, сомнамбульнымі вачыма працяў жонку:

― Ведаеш, я хачу, каб ты… ня вельмі сумавала, калі са мною што-небудзь здарыцца…

― Стрываем… Ці ж я буду горшая за іншых жонак? Куды вышлюць цябе — туды і я. Не ўпяршынь жа нам… Памятаеш царскую высылку?

Жонка штось яшчэ хацела сказаць, але Ігнатоўскі раптам усміхнуўся, пяшчотна абняў і пацалаваў яе. Штось няпэўна-лядзянае растала і ў ягоных зрэнках…

Паволі пакрочыў у свой кабінет, прычыніў дзверы, а праз некалькі хвілінаў гохнуў стрэл… Калі прыбегла жонка, ён ужо бяспамятна ляжаў у калюжцы крыві, але яшчэ дыхаў. Жонка выклікала па тэлефоне «хуткую дапамогу», але першым у кватэры з'явіўся агент ДПУ.

― Я цябе не клікала! Прыбег цешыцца? Вон! — паспрабавала выпіхнуць «госця» за дзверы, ды заўважыла, што па сходах падымаліся да іх яшчэ двое. Яна асунулася на падлогу і, млеючы ад роспачы, выкрыкнула яшчэ раз:

― Вы забілі майго мужа!

* * *

…У 1941 годзе сакрэтныя матэрыялы — «кніга» на 500 старонак машынапісу пад загалоўкам «Совершенно секретно. Обвинительное заключенне по делу Белорусского Национального Центра» — былі знойдзены ў сакрэтных сховішчах менскага ДПУ. У 1943 годзе па загадзе Радаслава Астроўскага іх перадалі з Менска ў Баранавічы нейкаму «др. Мінкевічу».