Читать «Руны Перуновы» онлайн - страница 6

Рыгор Барадулін

ПЕСНЯ ШОСТАЯ Куды пайшоў твой каханы, Найпраўкраснейшая з жанчын? Куды ён падаўся, ахінуты журбою, Мы пашукаем яго з табою. У сад свой пайшоў мой каханы, У кветнікі духмяныя, Каб пасвіць у садох і лілеі Збіраць, покуль ліст не засох, не спазніцца. Я належу каханаму, як званіца звону, А каханы – мне, як званіцы звон, Бо смутак знадзеяў, Пасвіць ён спаміж лілеяў. Чароўная ты, як Фірца, мая каханая, Любая, як Ерусалім, грозная сваімі чарамі, Як паводка палкоў са штандарамі. Ухілі ад мяне вочы свае – Пестуны вясны,– Бо хвалююць мяне яны. Валасы твае – як козаў чародка, Што з Галаада скоўзваюцца таропка. Зубы твае – як авец астрыжаных статак, Што выходзіць з купельні. А ў кожнай авечкі двойца ягнятак, А бясплоднай між іх няма-такі. Як палавінкі яблыка гранатавага – Шчокі твае пад кудзёркамі, А яны нягоркія. Ёсць шэсцьдзесят царыцаў І восемдзесят належных наложніцаў, І дзяўчынная безліч множыцца. Ды адзіная яна, галубка мая беззаганная, Адзіная ў матулі яна адна, Адрозная ў нарадзівіцы сваёй яна. Пабачылі яе дзяўчыністыя – І ўзвысілі аблачыніста. Царыцы й наложніцы ўбачылі І, ўслаўляючы яе, сябе зыначылі. Хто гэта зіхоткая, як дзянніца, Праўкрасная, як поўната, Што ў нябёсы пяшчотай патонута, Светлая, як сонца, Што грэе жыццёвае ўлонца, Грозная сваімі чарамі, Як паводка палкоў са штандарамі. Я спусцілася ў сад, дзе лушчэлі ляшчыны, Падзівіцца з зеляніны даліны, Паглядзець, ці распусцілася лаза вінагарадная, Ці ўзрадавана Гранатовыя яблыні расцвілі і калі? Не ведаю, як дамкнула мяне Душа мая, цуду ў дагоду, Да калясніцаў славутаў майго народу. ПЕСНЯ СЁМАЯ Азірніся, азірніся ты, Суламіта, Азірніся – дай успомніць прыгажосць забытую. Што ваш позірк гэтак пасвіць Суламіту, Манаімскі карагод яна нібыта? Ногі гожыя твае абутыя ў сандалы, Панавітая дачка пяшчоты й шалу. Сцёгнаў тваіх круглавітасць – Гэта цупкія каралі, Якія рукі кудзейніка ўмелага выкруглялі. Жывот твой – круглая чара, У якой не пакажа ніколі дно Пахучае ды п’янкое віно. Чарэва тваё – спякотны сумёт пшаніцы, Аздоблены лілеямі ніцымі. Два саскі твае, два сойчыкі, – як казляняткі, Пудлівай сарны блізняткі. Шыя твая – як слуп са слановае косці, Велічны ў сваёй высакосці. Вочы твае – азерцы Гэшбонскія, У якіх глыбініцца брама рашучая Батрабіму, Смуткам захмарыць яе немагчыма. Нос твой – вежа Лібанская, Што павярнулася, каб паказацца Дамаску. Галава твая на табе – як Карміл, Валасы на тваёй галаве – Пурпур, дзе полымя агніста жыве, Каб світаў небасхіл. І цар на троне У сукраў тваіх у палоне. Якая зграбная ты, якая прывабная, Якая ты гожая сваёй ахарошаю. Падобны да пальмы стан гэты гонкі, І грудзі твае – як вінаградныя гронкі. Падумаў: я ўзлезці на пальму павінны І ўчупіцца ёй у галіны. І грудзі твае будуць гронкамі вінаграду, І пах ад ноздраў тваіх, Як ад яблыкаў, на прынаду. Вусны твае – Як адменнейшае віно, І цячэ яно да сябра майго спакусна, Стомленыя салодзячы вусны. Як звону званіца, Належу я сябру вернаму, І да мяне жаданне ягонае звернута. Хадзі, мой каханы, пойдзем у поле, Абначуем на волі ў сёлах вясёлых. Раннім раннем пойдзем у вінаграднікі, глянем, Ці распусцілася лаза вінаградная, Ці лопнулі пупышкі палахлівыя, Ці цветам радуюць яблыні гранатовыя. Там кунежыць цябе гатова я. Мандрагоры ўжо не ўтрымалі свой пах малады, І ля кожнае брамы ўсялякія харашэюць плады, Новыя а старыя, а іх нямала, Гэта я табе, каханы мой, захавала.