Читать «Таямніцы полацкай гісторыі» онлайн - страница 4

Владимир Алексеевич Орлов

Было б вялікай памылкаю спісваць «крыўскую тэорыю» ў архіў. Хіба яна — сярод жывых і сёння міфаў аб тым, што беларусы не мелі сваёй дзяржавы і культуры, — не сведчыць пра шматвяковую традыцыю нашай дзяржаўнасці? Хіба не прымушае даследчыкаў заглыбляцца ў беларускую гістарычна-культурную рэтраспектыву?

У курганах вакол Полацка часта знаходзяць уласцівыя старажытным балтам шырокія арнаментаваныя і звярынагаловыя бранзалеты. Цікавыя адкрыцці чакалі археолагаў каля полацкай вёскі Дзмітрыўшчына, дзе ў пахаваннях курганнага могільніку знойдзеныя тыпова латгальскія нагрудныя ўпрыгожанні.

Сустрэчы даўнейшых і новых жыхароў Прыдзвіння, пэўна ж, не заўсёды былі мірныя. Балты і славяне тттмат чым розніліся між сабою, але існавала і тое, што іх аб’ядноўвала, — агульная паганская (язычніцкая) вера. Відаць, менавіта яна дазволіла паразумецца, ужыцца і ўрэшце на пачатку II тысячагоддзя н. э. зліцца ў адну этнічную супольнасць.

Гісторыкі дагэтуль спрачаюцца, хто ж усётакі беларусы — славяне з моцным дамешкам балцкай крыві ці аславяненыя балты, аднак у любым выпадку цяперашнія латышы і літоўцы даводзяцца нам кроўнымі братамі. Сведчанні гэтага — аднолькавыя сюжэты песняў і паданняў арнаменты, стравы, прьшады працы, наміткі і фартухі ў народных строях. Дый старажытнае Купалле апрача беларусаў захавалі толькі латышы, у якіх яно называецца Ліго.

Дастаткова верагодным выглядае і меркаванне, што сам этнонім «крывічы» цесна звязаны з найвышэйшым балцкім вешчуном КрывеКрывейтам. Сакральнасць самога кораня «крыў» яскрава выяўляецца ў этнаграфічных матэрыялах Падзвіння. Русальны тыдзень меў тут паралельную назву — «крывы». Найболып спрыяльныя ддя варажбы калядныя вечары на Полаччыне і цяпер называюць не толькі святымі, але і крывымі, а ў запісаных тут этнографамі чарадзейных казках можна прачытаць, што «гаспадар быў вялікі змейчараўнік, ды яшчэ крывы» або што «вядзьмак і ведзьма абавязкова маюць крывізну».

Землі, дзе неўзабаве пасля прыходу крывічоў вырас Полацк і пачала мацнець Полацкая дзяржава, былі вядомыя яшчэ старажытным грэкам і рымлянам.

Памятаеце міф пра Фаэтона?

Гожы юнак прасіў свайго бацьку, бога сонца Геліяса, дазволіць хоць адзін дзень пакіраваць сонечнаю калясніцай. Бацька згадзіўся з неахвотаю, і змрочныя прадчуванні яго не падманулі. Адчуўшы няўпэўненую юначую руку, вогненная запрэжка кінулася ўбок, напалоханы Фаэтон выпусціў лейцы, і коні панесліся, не разбіраючы дарогі — то ўзлятаючы высока ў неба, то летучы над самай зямлёю і неміласэрна палячы яе агнём.