Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 16
Міхась Лынькоў
— Станавіся тут і не варушыся! — і як бразне Міколку аб падлогу, у таго аж іскры пасыпаліся з вачэй.
— А ты не біся, чорт кудлаты! — не сцярпеў тут Міколка ды як хопіць зубамі за папоўскую руку, той аж падскочыў на месцы.
І чаго-чаго не было тут пасля. Даўся ў знак Міколку гэты «буржуй». Пацярпеў і чуб, і вушы, і калені, хапіла яшчэ і па патыліцы. А ў дадатак да ўсяго загадалі бацьку паклікаць у школу. І доўга ўпрошваў бацька папа, каб не злаваў ён дужа на дзіця, якое нічога не разумее і вярзе часам тое, у чым само добра не разбіраецца. І калі ішлі са школы, бацька ўгаворваў Міколку:
— Ты ўсё ж дужа не задзірайся з папом… Вось выганяць са школы, дык будзе зусім дрэнна і будзеш зусім ты цёмным чалавекам. А што ён, поп гэты, гаворыць там, дык ты слухай і маўчы, ліха з ім.
— Калі ж гэты «буржуй» дужа смешны… Каб Бог ды стварыў яго.
І рашыў Міколка адпомсціць калі-небудзь «буржую» за ўсе непрыемнасці, панесеныя праз яго. А тут яшчэ і прычыны былі новыя. Ужо даўно працякаў дах, прагнілі некаторыя дошкі ў вагоне. І колькі ні прасіў бацька «буржуя», каб той загадаў дах пафарбаваць ды вагон падправіць, «буржуй» заўсёды аднекваўся ды лаяўся яшчэ:
— Набярэшся тут на вас на ўсіх фарбы, калі на паравозы ды на вагоны не хапае…
Адмаўляў.
А зрабіць ён быў павінен. І ведалі ўсе, што крадзе гэты загадчык усё са склада, прэ цэлыя бочкі — аліву, фарбу, скрынкі цвікоў, шкло, жалеза, — што ні трапіць пад руку. Збывае потым, прадае гандлярам. Затое і дом, які будаваў сабе за крадзеныя грошы, — палац цэлы. Дзе ж ты тут дапросішся ў яго?!
— Узяў бы я яго ды з пузам у бочку, у бочку з мазутай ці з фарбай… Ведаў бы тады ён.
А што ён ведаў, Міколка і сам добра не разумеў.
Але ў хуткім часе Міколка сапраўды адпомсціў «буржую». І хоць помста была і нядужа вялікай, але давялося ўсё ж «буржую» перажыць некалькі непрыемных хвілін. Было гэта тады, калі «буржуй» скончыў будаваць свой дом. Дом быў яшчэ не агароджаны, стаялі толькі некалькі сарайчыкаў з рознымі матэрыяламі, і, як падгледзеў Міколка з групай сваіх дружбакоў, былі там і бочкі з фарбай. З прычыны завяршэння будаўніцтва дома гаспадар наладзіў урачысты баль, склікаў шмат гасцей. Тут быў і начальнік дэпо, і некаторае дарожнае начальства, усе вялікія шышкі на чыгунцы. Госці весяліліся ў невялікім садку, выпівалі, закусвалі. Тут жа круціўся ля стала і вялікі пушысты кот, любімец «буржуя». Міколкава кампанія доўга завіхалася ля садка, пакуль ім не ўдалося заманіць ката да сябе і злавіць яго.
А злавіўшы, усе забраліся ў адзін сарай і наладзілі кату хрышчэнне ў бочцы з вадкай зялёнай фарбай, якой фарбуюць звычайна пасажырскія вагоны. Акунуўшы ката разы са два ў бочцы так, што з яго цякла з усіх бакоў фарба, Міколкава кампанія задала лататы і, схаваўшыся за садком, назірала, што будзе рабіць кот. Той адразу ж кінуўся да гасцей і, не доўга думаючы, скочыў на калені да свайго гаспадара і пачаў атрасацца ад мокрае фарбы. «Буржуй» не заўважыў спачатку нічога, усё гаварыў нешта з гасцямі. Але потым да Міколкавай кампаніі данёсся выбух рогату: то смяяліся госці над катовымі ўчынкамі. Увесь летні касцюм гаспадара быў канчаткова сапсуты.