Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 61

Кастусь Тарасаў

- Руды! - паклікала яна, нахіляючыся над лазам.

- Што, княгіня Гарыслава? - адгукнуўся вартаўнік.

- Хадзі сюды.

Толькі ён адзіны называў яе па-старому. Цівун, калі сустракаліся, звяртаўся «княгіня», але без імя. Сыч ніяк не называў. Заслаўскія бабы ў размовах з ёй казалі «княгінька», мужыкі за спінай казалі «чарніца», у вочы - звярталіся без акрэслення, як Сыч. Для папа Сымона яна была «маці Анастасся», і дзве манашкі, Праскоўя і Ефрасіння, звярталіся «маці Анастасся», бо так завёў Сымон, кажучы, што яна над імі ігумення. Толькі Руды не змяніў ранейшага звароту. Маці Анастасся і давярала яму, бо ён казаў «княгіня Гарыслава», нібы яна магла абавязваць, а ён згаджаўся быць выканаўцам. Вось ён стаяў побач, трэба было сказаць услых словы рашэння, але маці Анастасся марудзіла, расхваляваная шчасцем хвіліны.

- Руды! - маці Анастасся прысунулася да яго, і голас яе загучаў жорстка: - Паскачы ў Нямігу, скажы сваім знаёмым, каб перадалі князю Ізяславу такія словы: «Княгіня Гарыслава хоча бачыць князя Ізяслава».

- Зраблю, княгіня, - адказаў кмет.

- І нічога апроч гэтых словаў!

- Пэўна.

- І нікому, Руды. Зразумеў?

Кмет кіўнуў. У вежы пачуліся крокі, зарыпела драбіна, маці Анастасся махнула Рудому сыходзіць, той палез у лаз. Толькі ён схаваўся пад насцілам, як злосна закрычаў Сыч:

- Куды на руку! Мядзведзь!

- Не падстаўляй, - агрызнуўся Руды. - Што я, бачыў лапы твае?

- «Не падстаўляй!» Адціснуў пальцы!

- Я што, знарок?

- А чаго злазіць, калі чалавек лезе?

- А чаго лезці, калі другі злазіць?

Маці Анастасся зразумела, што брамнікі гатовыя біцца, і спусцілася да іх. Сыч і Руды сцішыліся. Маці Анастасся прайшла міма іх, стрымліваючы смех. Ёй было весела...

«О, Сымон, добры мой Сымон, - шаптала яна ўначы, - ты ўратаваў мяне! Як пражыла б я гэтыя гады, калі б не быў тут ты. Твой голас утрымліваў мяне ад вар'яцтва. Цяпер мне радасна, айцец Сымон. Б'ецца маё сэрца - як у дзяцінстве. Яно шмат напакутавалася, айцец Сымон, а цяпер не пакутуе і не хоча пакутаваць. Мяне не любілі - і мне не было ўдачы, а цяпер я любімая - і мне ўдача. Любі, айцец Сымон, любі маю душу, яна не счарнела ад пакутаў...» - «Ах, маці Анастасся, не палі сябе пад ветрам жыцця...» Анастасся ведала, што не паслухае, але заварожвалі яе гэтыя словы перасцярогі.

5

Дні тры пазней зайшла маці Анастасся да Руты. Рэдкімі з-за рознасці жыццёвых заняткаў сталі іх сустрэчы; нічога, што мацавала іх ранейшае сяброўства, не адбывалася ў нудныя апошнія гады; жывучы паблізу адна адной, цяпер жылі яны зусім паасобку. Свякруха Руты памерла, затое старэйшы сын Рудога ажаніўся, і ўжо ўнук бегаў па хаце, другому сыну падыходзілі гады браць жонку, і гадаваліся агульныя дачка і сын - цесна было ў Рудога, мноства ратоў патрабавала клопату. Нячаста выпадаў Руце вольны час, а ў сяброўкі рэдкі час быў заняты; міжволі Рута параўноўвала такія плыні жыцця, і здавалася ёй, што гора Рагнеды нічым не горш за яе шчасце. Так, пакрыўдзіў Рагнеду князь Уладзімір, згвалціў на вачах бацькоў і кметаў, але ж чудзіны дзесяткам з яе не здзекаваліся; зарэзалі князя Рагвалода і княгіню нажамі, але і Руціных сваякоў забілі ў той жа дзень; і дзіця сваё Рагнеда ўсё ж не губляла, і цяпер яе сыночкі ўсе князямі сядзяць, а дочкі за каралямі жывуць, за адным сталом ўсёй чарадой не ціснуцца, з адной міскі не ядуць, і сама Рагнеда гаспадыня сабе ў сваёй келлі... А іх восьмера ў адной хаце, і бурчыць старэйшы сын на бацьку, і не любіць няродных сястру і брата, і цесна Руце каля печы з нявесткай. І ў галодны год пракорміць Рагнеду цівун ці поп Сымон, ды і ці многа ёй трэба адной, а Рудому з Рутай ніхто не даваў і не дасць; што Руды здабудзе - тым і жылі. А Полацак... гэта княгіні хочацца ў Полацак, а для Руты што ў Заслаўі, што ў Полацку - тая ж самая хата, тыя ж клопаты. Адзінота, пустыя ночы? Так, блага адной, ды чым не падышлі Бедавей ці Даражыр? Не князі - абраза! Толькі князь... Вось Уладзімір быў князь, і што, добра жылося? У чарніцы трапіла ад гонару, можна лічыць, сваёй воляй. Магла Рагнеда гэтыя гады чалавечым жыццём пражыць, і другіх дзяцей гадавала б сабе на радасць, і ўначы не мерзла б адна пад кажухом. Мела выбар, выбрала адзіноту - за што шкадаваць?