Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 60

Кастусь Тарасаў

- Тут розныя ёсць, на кожную хваробу, - казала маці Анастасся, - а гэты шэры пучок, айцец Сымон, гэта цыкута. Калі карэньчыкі яе настаяць і выпіць, тады хутка апынешся ў той хатцы, дзе чакаюць жывых людкі... Даўно вісіць тут. А чаму не скарыстаныя? У найгоршыя дні цеплілася ў мяне надзея, што зменіцца лёс... А цяпер, айцец Сымон, мае лепшыя дні, я шчаслівая, і прысніўся гэты сон, каб я не забылася пра тое, чаго чакала дваццаць гадоў.

- Нядоўга пабудзеш там, маці Анастасся, - сказаў Сымон, - сама ведаеш чаму...

- Ды хоць дзень, - усміхнулася Анастасся. - Мне слова тваёй любові ўсе гады маіх бедстваў апраўдала, усе гады пераважыла. А хоць дзень у Полацку ўсё маё жыццё апраўдае, віну здыме з сэрца. Хіба мала, айцец Сымон?

- Не ведаю, маці Анастасся.

Прагучала гэта як просьба: «Не трэба, маці Анастасся!» Ён хацеў утрымаць яе побач з сабой.

- Не хачу баяцца, айцец Сымон, - адказала яна.

Вячэрняй часінай, пад звон біла, маці Анастасся паднялася на вежу, дзе цяпер старажаваў Руды. Уперадзе, над снежнай пустэчай балотаў, цяжка кіравалася да лесу чарада варон, рэзка раздзірала цішыню краканне важака. Чорны пласт чарады рассякаў напалам круг вечаровага сонца - халодны малінавы круг, які адносіў з сабой яшчэ адзін дзень жыцця. Кружачы над лесам, чарада разбіралася на пары для начлегу ў прамерзлых гнёздах, злосны ці радасны грай і хрыплыя крыкі ляцелі над заслаўскім жыллём, абвяшчаючы блізкасць ночы, час нечысці і воўчай бяссонніцы.

Маці Анастасся бачыла прыкметны яшчэ ў апошніх промнях санны след у полі, які сыходзіў на лёд Свіслачы. А Свіслач плыве ў Бярэзіну... Яна прыгадала даўні лес, апушаны густым, непралазным для яе маліннікам. Постаці братоў мільгалі ў кустах; дзяцел дзёўб на сасне, сеялася ўніз кара, браты паказвалі пальцамі, дзе ён сядзіць. Потым ёй успомніўся бераг Палаты і кусты, густа пакрытыя чырвонымі парэчкамі. Потым яна пачула гул крыгахода на Дзвіне і ўспомніла, як крышыліся, напаўзаючы адна на адну, ільдзіны. Потым ёй успомніўся восеньскі вечар, калі за сценамі шаргатаў бясконцы дождж; яны сядзелі ў хаце, брат трымаў яе на каленях, маці і жанчыны пралі, бацька нешта распавядаў, ёй чулася нетаропкая закалыхваючая гаворка, ёй утульна і спакойна, яна пачынае драмаць, нехта шэпча - спі, спі, а яна хоча адказаць, што не спіць і не хоча спаць, і маўчыць, бачыць над сабой добрыя вочы бацькі і засынае, забіраючы ў сон ягоны позірк. Потым яна пачула плёскат вады - яе і бабулю перавозяць у лодцы цераз Дзвіну. Яна ўбачыла тых весляроў, узмахі вёслаў, пырскі вады. Лодка ўткнулася ў мель, весляры пасаскоквалі ў ваду, панеслі на бераг бабулю, а яна ідзе па мелізне і глядзіць на другі бок Дзвіны. Там, за прасторай вады, два пагоркі - вусце Палаты, а на пагорку абаронены гароднямі дзядзінец. Яна ўпершыню бачыць яго здалёк, ёй дзіўна і радасна, а па рацэ гуляюць сонечныя блікі, паветра нібы свеціцца, бабуля ўглядаецца ў блакіт неба, а цёплая хваля лашчыць пясок...

Усё гэта было.