Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 5

Кастусь Тарасаў

Сядзелі сталыя баяры, параўноўвалі магчымае з лепшым, і калі б сказала ім Рагнеда пра свае турботы: ці прыгожы Яраполк, якога ён росту, якія ў яго вочы, да чаго прызвычаены, - пасмяяліся б яны ёй у вочы. Не дачыняюцца да ейнага замужжа ягоныя прыгажосць і характар. Няхай ён да ваўка падобны, гэты кіеўскі Яраполк, - усё роўна аддадуць яму Рагнеду. Калі будзе яна з Яраполкам - дарма тое прыйдзе, што зброяй цяжка ўзяць. Цяпер пра Рагнеду адзіны клопат - замкнуць у хаце і берагчы ад псоты, сурокаў, ліхой рукі. Столькі можа выгадаць Полацак на княскай дачцэ, што ўсё войска полацкіх зямель таго не здабудзе...

Як сустрэлі сватоў, як іх прымалі, не бачыла Рагнеда, седзячы з бабамі і дзеўкамі пад наглядам. Часам заходзіла маці, абдымала Рагнеду і прыплаквала: што чакае князёўну ў далёкім тым Кіеве? Добра, спадабаецца яна Яраполку, а калі не палюбіцца - ці лёгка нуду і адзіноту цярпець? Адно - жыццё дзявочае, іншае - за мужам, нездарма і новае імя абірае сабе жонка. Заканчваецца адно жыццё на дзявочніку, пачынаецца другое ранкам пасля вяселля... А Рагнедзе і страшна, і радасна. Прыехалі сваты, заўтра паклічуць да іх даць адказ, і ўсе будуць глядзець на яе... А неўзабаве прыедзе Яраполк, іх звядуць, пасадзяць за стол, а потым праводзяць у шлюбны пакой, ён сядзе на лаўку, яна сцягне з яго боты, і ён задзьме свечку... Нікога да яе не пускалі, але дамаглася Рагнеда, каб прапускалі да яе Руту - аднагодку і першую сяброўку. З восені Рута была замужам за князёвым дружыннікам, ужо яна зацяжарала, і Рагнеда, зайздросцячы некаторым ейным ведам, давярала яе слову болей, чым навучанням старых бабак і старых цётак, што здабывалі з памяці свае даўнія маладыя перажыванні. Гадзінамі шамацеў таямнічы іхны шэпт, і сілу запаветнай таямніцы набывала для Рагнеды блізкасць з мужам, якая наступала па згасанні свечкі... А бацька навучаў, як трэба выйсці да сватоў, калі паклічуць, дзе стаяць, як пакланіцца, якімі словамі адказаць...

Вось і падышла пераломная хвіліна - Рагнеда дрэнчылася каля дзвярэй, слухаючы вясёлую гамонку знаёмых і незнаёмых галасоў за сцяной. Раптам гаворка змоўкла, пачуліся крокі, дзверы расчыніліся, і бацька сказаў: «Уваходзь!» і падбадзёрыў усмешкай. Замерла на імгненне сэрца, адзначаючы першы крок у новае жыццё, і Рагнеда пераступіла парог. Кінуўся ў вочы новы вышываны абрус на стале, а за сталом сядзелі тры дабрадушныя, барадатыя дзядзькі - сваты. Яна прайшла на сярэдзіну пакоя і пакланілася ім. «Князёўна нашая - Рагнеда!» - прагучаў голас бацькі. Сваты ўзрадавана заківалі, быццам раней ім было няўцям, каго паставілі перад імі, утаропіліся на князёўну, і Рагнеда засаромелася ад іхных пільных позіркаў. Усё, што рыхтавалася бацькам і прыбылымі кіяўлянамі, вяло да вяселля, да нараджэння дзіцяці, і Рагнедзе здавалася, што людзі, якія ўважліва аглядаюць яе, чуюць палкія ўдары крывяных струмянёў у лона, чытаюць яе пужлівыя думкі пра сустрэчу з жаніхом, пра першую іх ноч у цемры шлюбнага пакоя: нібыта голая, стаяла Рагнеда перад Яраполкавымі сватамі...