Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 4

Кастусь Тарасаў

Жыццё першае

1

Восенню ў барвовую пару, калі загудзелі полацкія двары шматдзённымі вяселлямі, прыйшла і да Рагнеды падманлівая Мара, адымаючы спакой нявінных сноў. У адну ноч свет раздвоіўся на жаночае і мужчынскае, і адчула Рагнеда, якая сіла зводзіць гэтыя пачаткі. Раптам пачалі прыпякаць учэпістыя позіркі сустрэчных хлопцаў: ацэньвалі яны мужчынскім вокам прывабнасць князёўны, і яна скурай адчувала таямніцу іхнай увагі. Раптоўна ўзнік у снах таемны вобраз - грудзі сціскала салодкая боязь, гарачымі кругамі бегла па целе кроў, калі з'яўляўся светлы юнак і браў за руку, і прытуляў да шырокіх грудзей, дзе пад белай кашуляй білася моцнае з уладарнай сілай сэрца. Шапталі яго губы нейкія загадкавыя словы, і самое варушэнне ягоных губ было жаданае. Удзень гарачкавае хваляванне крыху прыгасала, твар незнаёмца цьмяна бачыўся на святле, і начныя сустрэчы ператвараліся ў таемную мару пра прыезд сватоў, розгляды, прыбыццё жаніха і вясельны поезд, з якім яна панясецца да бясконцых гадоў шчасця.

Прыцемкамі, калі Рагнеда сядзела разам з маці пры кудзеллі, а каля бацькі садзіліся браты Ўсяслаў і Брачыслаў, і збіраліся ў нагрэтую хату матчыны і бацькавы людзі, марылася Рагнедзе пад ціхае журчанне верацяна пра свае такія ж пакоі, чуўся скрозь голас бацькі, які забаўляў маці вясёлым ці журботным аповядам, голас свайго суджанага, ласкавы голас клопату, і прасякала яе нецярплівасць любові... Прыйшоў час: Рагнеда жадала адгадаць галоўныя загадкі жыцця...

Пасля Калядаў у колкі марозны дзень прымчаў на запененым кані стражнік з блізкай заставы і прывёз князю Рагвалоду перададзеную па ланцугу вестку, што едуць людзі Яраполка і хутка прыбудуць. Хваляванне ахапіла полацкі дзядзінец, а з яго панеслася пагалоска па ўсіх гарадскіх дварах. Бабы сходзіліся і гадалі, колькі пасагу павязе з сабой князёўна ў далёкі Кіеў і каго з дзевак выбера княгіня ў дружкі сваёй дачцэ на вяселле, а прызнаныя пяюхі ўжо бачылі сябе на будучым свяце на чале карагодаў, што праводзяць нявесту ў лазню і з лазні, і на жаласных спевах дзявочніка, і ў вясёлай грамадзе ля вясельнага стала, а разважлівыя мужыкі меркавалі пра карысць, якую дасць Полацку гэты саюз, бо ўсе карагоды і спевы, і кубельцы з дабром, што займаюць кароткі бабскі розум, нічога не вартыя, а мае важкасць на княжацкім вяселлі адзінае - умовы, на якіх князь Рагвалод пагодзіцца аддаць на ўцеху Яраполку сваю дачку.

Так, умовы... Адказная настала хвіліна, вырашалася будучыня на многія гады, і сышліся ў княскі дом блізкія Рагвалоду баяры абмеркаваць, чаго пажадае Кіеў для сваёй выгады, на чым трымацца для карысці Полацка, дзе зарубіць Полацка-Кіеўскія межы, чыімі будуць волакі паміж Дзвіной і Дняпром. Яраполку, казалі баяры, вялікай веры даваць нельга; гэта зараз ён лагодны, пакуль церпіць няпросты час - са стэпу печанегі падціскаюць, хазары не трымаюцца мяжы, Уладзімір з ноўгарадцамі гэтаксама не пустая пагроза. Зразумела, нашто Яраполку Рагнеда, - паўстае паміж Кіевам і Полацкам трывалы мір. Аднак і нам карысны роўны саюз: мага іншыя важныя справы зрабіць - умацавацца на Прыпяці, пасунуць полацкія прыгарады на літоўскіх землях і ўніз па Дзвіне...