Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 26

Кастусь Тарасаў

Цяпер, маючы мэту і ведаючы сваю будучыню, Рагнеда ўпершыню за кіеўскія гады развесялілася. Прагна лавіла яна кожную хвіліну радасці, а радасць сама пайшла да яе - усё навокал пераўтварылася, ажыло, нібы абмытае доўгачаканым дажджом, жывой вадой. У хаце загучаў смех, не адыходзілі ад Рагнеды дзеці, у прыцемкі збіраўся вакол яе ўвесь двор, і доўга цягнуліся вясёлыя вячоркі, нагадваючы Рагнедзе полацкія вечары. Толькі Рута дзівілася на Рагнеду, не разумеючы прычыны такой крутой змены настрояў. Але не хацелася Рагнедзе адкрыць сваю таямніцу. Дазнаюцца. Прыйдзе дзень, помста здзейсніцца - усе зразумеюць, што азначала ейная весялосць - вяртанне да сябе. З увагай пачала Рагнеда слухаць чуткі пра Ўладзіміра, пра ўдачы новага яго паходу. Найбольш займала яе адно - ці хутка вернецца войска і разам з ім Уладзімір, каб прылегчы адпачыць з жонкай. Пасля вяртання ён будзе гуляць з дружынай у Бераставе; пасля гулянкі наведае ён па чарзе ўсіх свіх жонак; заедзе падараваць кароткую ласку і ёй. Таму няхай вяртаецца хутчэй і з перамогай - тым мацнейшым будзе яго апошні сон. Усё, завяршаюцца зямныя справы князя Ўладзіміра; ён, пэўна, не адчувае блізкасці конавай хвіліны; яму, відаць, здаецца, што наперадзе ў яго дзесяткі гадоў жыцця, што ён толькі падступіўся да галоўнага, толькі распачаў вялізную сваю справу - ён ужо адымае ў грэкаў нейкую Таўрыю, ужо дапамагае балгарам супроць імператара Васіля, і замірыліся з ім грэкі, няма ў іх сілы адбівацца. Ён прыгожы, разумны, можна было б ганарыцца такім князем і такім мужам - але на ім кроў, ён запырсканы крывёю з галавы да пятак. Ды што найгорш, яму гэта даспадобы. Крывавай ручаінай ён у Кіеў прыплыў. Такая любоў у яго ад бабкі, што зарэзала пяць тысяч драўлянаў, ад бацькі, Святаслава, які дзесяць тысяч балгараў пасадзіў на кол. Добра, што яго печанегі забілі. А Ўладзімір адну кроў змываў другой. «Так трэба. Дзяржава павінна ламаць непакорныя храбты...» І што - бласлаўляць яго за паходы, за ўдачу? Ці мусіць яе ўтрымаць пашырэнне дзяржаўных межаў, скоранасць разбітых суседзяў? Што ёй з таго, што яшчэ тысячы людзей падпарадкаваліся ягонай волі? Для яе ён гвалтаўнік. Яна для яго - схопленая крывіцкая самка...

Перабіраючы свае ночы з Уладзімірам, Рагнеда адзначала, што ніколі ён не шаптаў «Любімая!» ці «Люблю!», ніколі не спытаў, што ў яе на сэрцы, і жаласлівага слова, уважлівага дотыку рукі не магла яна згадаць. Не было добрай памяці, нішто не стрымлівала яе. Няхай славіць яго дружына, няхай служаць яму прывечаныя ім вяшчуны, няхай яго любяць тыя, каго ён любіць. А палонныя, прыдушаныя, падманутыя не павінны любіць, баяцца, цярпець. Цярплівасць - гэта смерць наяве.

3

Усё мае канчатак, скончылася і доўгае чаканне. Кіеўскае войска захапіла Корсунь, князь з высокага берага агледзеў таямнічую прастору мора, паслухаў тужлівыя крыкі чаек, у знак заваёвы Таўрыі зачарпнуў сваім шлемам марской вады, правёў каня па пеннай хвалі прыбою - і павярнуў палкі ў зваротны шлях, да Кіева... Вось ён у горадзе, ужо сустрэлі яго, ужо гуляе княжы двор у Бераставе, загулі там дуды, льецца ў братчыны віно, лашчаць княжых ваяроў разбэшчаныя дзеўкі - значыцца, неўзабаве наведае князь сваю жонку Гарыславу. Наслухаецца здравіцаў, стоміцца ад буйной весялосці і ў нейкі пахмельны ранак узгадае пра нудны абавязак - тужыць па ім на беразе Лыбедзі рахманая Рагнеда з чарадой дзетак, трэба і на іх паглядзець, парадаваць сваёй усмешкай... Цяпер лік ішоў на дні. Рагнеда казала сабе: вось сёння паехаў ён да Мілалікі і зараз лашчыць яе; вось на золку ён ад'язджае. І зноў ноч - сёння ён у готкі Адэлі... Вось ён спіць, раскінуўшы рукі; сонца паднялося і развяло іх... А сёння ён будзе з Аловай, сваёй першай жонкай, якую далі яму варагі, каб ён, выбіты Яраполкам з Ноўгарада, не дужа нудзіўся ў выгнані, а яшчэ дзеля таго, каб заўжды памятаў іхны клопат, прыхільнасць, дапамогу і запрашаў на непакорлівыя гарады, аддаючы з кожнага ўзятага двара баб і дзевак і па дзве грыўні платы. Ён прадаў ім Полацак, Смаленск, кіеўскія прадмесці, і Яраполка забілі таксама яны, а калі ўсё гэта яны выканалі, ён пазбавіўся іх, выправіў на Візантыю, дзе, відаць, усіх іх парэзалі і пасеклі. І ніхто аб гэтым не пашкадуе. А бедная Алова засталася пры ім, і не надта ён зважае на яе, бо за дзевяць год зачала аднойчы і княжычаў у ягоны гурт не прыносіць... Так, цяпер Уладзімір зазірне да Аловы, пагладзіць па галоўцы свайго першынца Вышаслава, які аказаўся нядужым і кволым, быццам адбіліся на ім тагачасныя няўдачы бацькі, а потым сядзе з Аловай вячэраць, і будзе наліваць сабе, і піць, піць, піць, пакуль не прыйдзе ноч, і тады ён пакажа Алове на ложак... Ды яна памылілася - князь прыехаў у наведкі да яе.