Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 5

Апулей

13. Пачуўшы гэта, я аблiўся халодным потам, i ўсё маё нутро закалацiлася, ажно да маiх неспакойных дрыжыкаў ложак затанцаваў на маёй спiне. А добрая Панцiя кажа: "А чаму б нам, сястра, перш за ўсё не растрыбушыць яго, як гэта робяць вакханкi, або, звязаўшы рукi i ногi, не вылегчаць?" У адказ ёй Мяроя (угадаў цяпер яе iмя, бо з расказаў Сакрата можна было здагадацца) адказвае: "Не, пакiнем яго жывога, каб было каму жменяй пяску засыпаць цела гэтага няшчаснага". I, павярнуўшы Сакратаву галаву, убiла яму ў левы бок шыi свой меч аж па дзяржальна, а кроў, што выцякала, старанна сабрала ў прыстаўленую да раны торбачку так, каб нi адна кропля не магла ўпасцi. Я гэта бачыў на свае вочы.

Пасля, думаю, дзеля таго, каб не прапусцiць нiчога з абраду ахвяравання, добрая Мяроя, запусцiўшы правую руку глыбока ў рану аж да вантробаў, пакапалася там i выняла сэрца майго няшчаснага сябра. З яго рассечанага горла вырваўся нейкi невыяўны хрыпаты гук, i Сакрат выпусцiў дух. Затыкаючы тую раскрытую рану губкай, Панцiя сказала: "Бойся, губка, народжаная ў моры, перапраўляцца праз раку".

Пасля гэтага, адсунуўшы ложак i расставiўшы нада мною ногi, яны пачалi мачыцца, аж пакуль усяго мяне не залiлi смярдзючай мачой.

14. Як толькi яны пераступiлi парог, бачу, падымаюцца дзверы на сваё ранейшае месца, становяцца ў шулы i гнёзды, засаўкi вяртаюцца на свае месцы. А я як быў, так i застаўся распасцёрты на зямлi, амаль без дыху, голы, змерзлы, залiты мачой, як быццам толькi што выйшаў з чэрава мацi, або паўмёртвы, якi перажыў самога сябе, цi злачынец, якому ўжо падрыхтавана шыбенiца.

"Што, — сказаў я, — будзе са мной, як заўтра рана людзi ўбачаць гэтага зарэзанага? Хто паверыць мне, хоць я i буду гаварыць праўду?" "Няхай бы, скажуць, — клiкаў на дапамогу, калi ты такi здаравенны мужчына не мог справiцца са старой бабай. На тваiх вачах рэжуць чалавека, а ты маўчыш! Чаму ж ты сам не загiнуў пры гэтым? Чаму лютая жорсткасць злiтавалася над сведкам злачынства i даносчыкам? Аднак хоць ты пазбегнуў смерцi, але далучайся да свайго сябра!"

Зноў i зноў прыходзiлi мне ў галаву такiя думкi, а тым часам ноч наблiжалася да ранiцы. Найлепш, здалося мне, яшчэ перад свiтаннем выбрацца крадком i пусцiцца ў дарогу. Бяру свой клунак i, уставiўшы ў адтулiну ключ, стараюся адсунуць засаўку. Аднак гэтыя пiльныя дзверы, якiя ўночы самi адчынялiся, толькi пасля доўгага важдання з ключом вельмi неахвотна далi мне дарогу.