Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 3

Апулей

Я змушаю яго iсцi са мной, хутка апранаю цi, дакладней сказаць, прыкрываю ягоную галiзну адной з дзвюх маiх апратак, якую зняў з сябе, i вяду яго ў лазню. Там старанна рыхтую мазi i нацiраннi, здымаю з яго вялiкi слой бруду i, як след вымыўшы, сам вельмi стомлены, вяду яго, падтрымоўваючы, да сябе, саграю пасцеляй, частую ежай, падмацоўваю келiхам, забаўляю гутаркай.

Ужо пачаў ён размаўляць i жартаваць, ужо пайшлi жарты i кпiны, хоць i нясмелыя, ды раптам, цяжка з глыбiнi грудзей уздыхнуўшы, ён моцна стукнуў сябе кулаком па лобе i выкрыкнуў:

"О я няшчасны! Захапiўшыся гладыятарскiмi вiдовiшчамi, што тады вельмi славiлiся, у якiя ж я заблытаўся беды! Як табе вядома, прыехаўшы ў Македонiю па даходнай справе, якая мяне там затрымала больш як на дзевяць месяцаў, я накiраваўся назад з даволi ладным набыткам. Калi быў ужо недалёка ад Ларысы, дзе мне хацелася пабачыць гладыятарскiя вiдовiшчы, у самотнай глыбокай цяснiне напалi на мяне разбойнiкi. Яны забралi ўсё, удалося толькi выратаваць жыццё. У такiм адчайным стане падаюся я да старой, але яшчэ бадзёрай удавы, карчмарыхi Мярое. Расказваю ёй, чаму так доўга не быў дома, пра тое, як вяртаўся i як быў абрабаваны. Яна спачувальна праслухала ўсю маю гiсторыю, накармiла дарма добрай вячэрай i ўрэшце, пабуджаная пажадлiвасцю, узяла мяне да сябе ў ложак. I вось маё няшчасце гатова! З гэтага часу не магу ад яе адчапiцца. Усадзiў у яе ўсё: i лахманы, якiя мне пакiнулi бандыты, i грошы, якiя зарабляў, працуючы грузчыкам, калi была яшчэ сiла, аж пакуль гэта добрая жанчына i нядоля не давялi мяне да гэтага стану, у якiм ты мяне толькi што бачыў".

8. "Клянуся Геркулесам! — сказаў я. — Ты цалкам гэтага заслугоўваеш, а мо яшчэ большага, калi можа быць большае няшчасце, чым дзеля распуснiцы i яе ласкаў вырачыся дому i дзяцей!"

Але ён спалохана прыставiў палец да вуснаў. "Маўчы, — кажа, — маўчы!" А сам азiраецца, цi хто не пачуў. "Сцеражыся, — кажа, — жанчыны-чараўнiцы, бо можаш сабе непаўстрыманым языком наклiкаць бяды". "Так? — запытаўся я насмешлiва, — што ж гэта за жанчына, твая карчмарка, уладарнiца i каралева?"

"Яна ведзьма i чараўнiца, — адказвае ён, — яна можа неба апусцiць, зямлю падвесiць, ручаi зрабiць цвёрдымi, горы расплавiць, нябожчыкаў узняць, багоў звесцi, зоркi патушыць i нават тартар асвятлiць!" "Даволi, — кажу, — апусцi гэту трагiчную заслону i складзi сваю тэатральную шырму, гавары па-людску".

"Хочаш, — пытаецца, — пра адну, пра дзве, ды што там! аб процьме штук яе паслухаць? Выклiкаць любоў да сябе не толькi жыхароў гэтага краю, але Iндыi, абедзвюх Эфiопiяў i нават антыхтонаў — ёй глупства, дзiцячыя забаўкi! Але паслухай, што яна зрабiла на вачах у многiх людзей.

9. Свайго палюбоўнiка, якi асмелiўся пакахаць другую жанчыну, адным словам абярнула ў бабра, бо гэты звер, калi яму пагражае небяспека быць злоўленым, абрывае свае палавыя органы. Яна спадзявалася, што i з iм, за тое, што панёс каханне набок, здарыцца нешта падобнае. Суседняга карчмара, свайго канкурэнта, ператварыла ў жабу. I вось цяпер гэты стары запрашае сваiх даўнейшых клiентаў хрыплым кваканнем, плаваючы ў вiннай бочцы. Аднаго юрыста, якi выказаўся супраць яе, зрабiла бараном, i вось той так бараном i вядзе справы. А яшчэ: жонка аднаго яе палюбоўнiка аднойчы яе аблаяла, а сама была цяжарная, дык тая зачаравала яе на вечную цяжарнасць, стрымаўшы зародак i замкнуўшы ёй чэрава. Кажуць, што ўжо восем гадоў ходзiць тая бядачка з вялiзным жыватом, быццам павiнна нарадзiць слана.