Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 138

Апулей

Закiнф — выспа ў Iанiйскiм моры каля заходняга берага Пелапанэса, цяпер Зантэ.

Актыйскае ўзбярэжжа — Акцыум, мыс ля ўвахода ў Амбракiйскi залiў на заходнiм беразе сярэдняй Грэцыi.

Вексiларыi — ветэраны, якiя праслужылi 16 (альбо 20) гадоў i ў чаканнi адстаўкi працягвалi службу ў спецыяльных вайсковых часцях, дзе былi вызвалены ад усiх дапаможных лагерных работ.

Талант — буйная грэцкая грашовая адзiнка.

Бактрыйскi вярблюд. — Бактрыя — адна з паўночных сатрапiяў персiдскай дзяржавы (на тэрыторыi Афганiстана). Бактрыйскiмi называлiся двухгорбыя вярблюды. (Аднагорбыя звалiся арабскiмi.)

гасцей кiдаў на разарванне i зжыранне дзiкiм коням. — Такую «гасцiннасць» аказваў падарожным, паводле падання, фракiйскi цар Дыямед. Ён быў пераможаны Гераклам i падзялiў лёс сваiх ахвяр.

Белерафонт — казачны герой, якi пры дапамозе крылатага каня Пегаса перамог Хiмеру — трохгаловае страшыдла, якое вывяргала агонь. Асёл iранiчна параўноўваецца з Пегасам, а коннiк з Белерафонтам.

Мелеагр — герой многiх грэцкiх мiфаў. Калi яму было 7 дзён, у дом яго бацькi прыйшлi багiнi лёсу i сказалi, што Мелеагр памрэ, як толькi згарыць палена, якое ляжыць на агнi. Мацi Мелеагра Алфея выняла палена з печы i схавала яго. Праз шмат гадоў Мелеагр пасварыўся з братамi сваёй мацi i забiў iх. Тады Алфея спалiла схаванае палена, i Мелеагр адразу памёр.

КНIГА ВОСЬМАЯ

Багiня Iсцiны — дачка Зеўса, мацi Дабрачыннасцi, кармiцелька Апалона.

Сiрыйская багiня. — Цэнтрам культу гэтай багiнi быў Гiераполь у Сiрыi. Iмя яе дакладна не ўстаноўлена, лiчаць, што звалася яна Атаргацiс. Святкаваннi ў гонар гэтай багiнi мелi характар оргiяў, у часе якiх многiя наносiлi сабе раны мячамi, бiчавалiся i нават сябе аскаплялi. Скапцамi былi i жрацы багiнi, якiя апраналiся ў жаночае адзенне. Называлi iх галамi. Гэтыя галы з выявай багiнi, жабруючы, бадзялiся па ўсёй рымскай iмперыi.

Сабадзi — азiяцкi бог, якi атаясамлiваецца з Дыянiсам, а таксама з Ацiсам, любiмым жрацом Кiбелы.

Белона — кападакiйская багiня, фанатычны i крывавы культ якой перанесены ў Рым.

Iдэйская мацi — Рэя, жонка Кронаса, мацi алiмпiйскiх багоў. Была атаясамленая з азiяцкай Кiбелай, культ якой напамiнаў культ Сiрыйскай багiнi.

Адонiс. — Мiф расказвае, што прыгожага юнака Адонiса кахалi Афрадыта i Персефона. Зеўс загадаў, каб Адонiс частку года праводзiў у краiне памерлых з Персефонай, а частку ў надземным свеце з Афрадытай. Адонiс — бог усходняга паходжання, ён сiмвалiзуе памiранне i абуджэнне прыроды.

дзева падменена ланню… — Намёк на мiф аб Iфiгенii, якая павiнна была быць прынесена на ахвяру багам (без гэтага багi не давалi спадарожнага ветру, i грэкi, якiмi камандаваў бацька Iфiгенii Агамемнан, не маглi распачаць паход на Трою). Але ў самы момант складання ахвяры багiня Артэмiда замянiла дзяўчыну ланню.

КНIГА ДЗЕВЯТАЯ

Тулiанум — падземная частка дзяржаўнай турмы ў Рыме. Апулей выкарыстоўвае гэту назву ў якасцi сiнонiма турмы наогул.

апяяў чалавека, якi дасягнуў паўнаты мудрасцi ў вандроўках… — Апулей мае на ўвазе Адысея, якога ўславiў Гамер.