Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 136

Апулей

Лета i Стыкс — рака i возера ў краiне памерлых.

Герыён — казачны герой з трыма тулавамi i трыма галовамi. Геракл захапiў статак Герыёна i забiў яго самога ў баi.

КНIГА ТРЭЦЯЯ

Фалеры — металёвыя бляхi, якiя ўпрыгожваюць конскую вупраж.

Архестра — паўкруглая роўная плошча ўсярэдзiне амфiтэатра.

Орк — рымскi бог падземнага царства (у грэкаў — Плутон).

Маны — душы памерлых.

Аякс. — Мiф пра Аякса, сына Тэламона, вялiкага грэцкага героя, якi ваяваў пад Трояй, расказвае, што, калi пасля смерцi Ахiла, камандзiра ахайцаў, аддалi яго зброю Адысею, Аякс ад крыўды страцiў розум i ў шаленстве перабiў статак авечак, уяўляючы, што забiвае сваiх крыўдзiцеляў.

Цэрбер — казачны трохгаловы сабака, вартаўнiк падземнага царства. Геркулес, спусцiўшыся ў краiну памерлых, звязаў Цэрбера i вынес яго наверх.

Эпона — багiня, патронка коней, аслоў i мулаў. Яе выявы ставiлiся ў стайнях.

КНIГА ЧАЦВЕРТАЯ

Платэя — невялiкi горад у Беоцыi.

Салii — танцоры, калегiя жрацоў бога Марса. Назву гэту атрымалi таму, што ў час свята бога Марса, якое працягвалася некалькi дзён, яны з танцамi праходзiлi па ўсiм Рыме. Кожны дзень свята закончваўся банкетам, пышнасць i багацце якога сталi прымаўкай.

Ацiс, поводле падання, аскапiў сябе на сваiм вяселлi.

Пратазiлай — легендарны цар горада Фiлака ў Фесалii, першы з грэкаў, якiя загiнулi пад Трояй; пакiнуў маладую жонку, з якой прабыў толькi адзiн дзень.

Пафас — горад на выспе Кiпр.

Кнiд — прыморскi горад у Малой Азii.

Кiфера — выспа каля паўднёвага ўзбярэжжа Пелапанэса. У гэтых мясцiнах знаходзiлiся сама слаўныя храмы Афрадыты.

Слаўны пастыр — Парыс, сын траянскага цара Прыяма. Нараджэнне яго суправаджалася благiмi прыкметамi, i бацька загадаў кiнуць немаўля на гары Iдзе, але яго падабраў пастух i выхаваў. Парыс быў суддзёй у спрэчцы Геры, Афiны i Афрадыты аб тым, каторая з iх найпрыгажэйшая.

Нерэiды — марскiя нiмфы, дочкi марскога цара Нерэя.

Партун — рымскi бог портаў i прыстаняў.

Салацыя — багiня бурнага мора.

Фурман дэльфiнаў Палемон. — Мiф расказвае, што цар Атамант, якога багiня Гера пазбавiла розуму, хацеў забiць сваю жонку Iно, але яна разам з сынам Мелiкертам кiнулася ў мора. Абое ўшаноўвалiся як марскiя багi-выратавальнiкi, Мелiкерт — пад iмем Палемона. Фурманам дэльфiнаў завецца ён таму, што труп хлопчыка, паводле падання, быў вынесены на бераг дэльфiнам.

Трытоны — другарадныя марскiя багi, якiх уяўлялi ў выглядзе паўлюдзей-паўрыб.

Акiян — паводле ўяўлення старажытных людзей, велiчэзная рака, якая акружае ўвесь свет.

Мiлецкi бог — Апалон, адзiн з аракулаў якога знаходзiўся ў мясцовасцi Дзiдзiм паблiзу Мiлета.

КНIГА ПЯТАЯ

Пiфiйскi аракул. — Аракул у Дзiдзiме названы тут пiфiйскiм, таму што сама знакамiтым аракулам Апалона была прадказальня пры храме Апалона Пiфiйскага ў Дэльфах (горад на паўночны захад ад Афiн), i сам Апалон часта называецца Пiфiйцам.

Пан — бог лясоў i гаёў, апякун пастухоў, рыбакоў i паляўнiчых. Уяўляўся з казлiнымi рагамi, з барадой, з капытамi на нагах i з хвастом.

Нiмфы — багiнi нiжэйшага разраду, якiя ўвасаблялi розныя сiлы прыроды; былi нiмфы марскiя (нерэiды), рачныя (наяды), горныя (арэады), нiмфы дрэў (дрыяды) i iншыя.