Читать «Берагі Сакрамэнто» онлайн - страница 2

Джэк Лондан

— Добра, трымай толькі сябе як належыць, — сказаў Хол, — і не жартуй з кабелямі. Я пайду і пагляджу, ці ня ўдасца, часамі, падчапіць аленя ў цясьніне «Кульгавай Каровы».

— Дождж, мусіць, будзе, — сказаў паважна, як-бы многа ведаючы ў гэтых справах, Джэры.

— Ну, я не размокну, — засьмяяўся Хол і пашоў далей між дрэваў.

Угадваньне Джэры пра дождж спраўдзілася. У гадзін дзесяць хвойкі пачалі гойдацца і стагнаць, вокны хаткі зарыпалі, падзьмуў моцны вецер і лінуў, як з вядра, дождж.

Пачакаўшы прыблізна з гадзіну, Джэры расклаў агонь і, як толькі прабіла дванаццаць, сеў абедаць.

«Сёньня носа ня выткнеш», падумаў ён, і выняў некалькі талерак ды паставіў іх. Потым ён стаў думаць аб тым, ці вельмі прамок Хол і ці ўдалося яму «падчапіць» аленя. Раптам застукалі дзьверы, і ў хату разам з моцным напорам ветру ўвайшлі жанчына і мужчына. Гэта былі Сьпілены, муж і жонка, фэрмэры, якія жылі за некалькі кілёмэтраў ад ракі.

— Дзе Хол? — адразу-ж запытаўся Сьпілен.

Ён гаварыў борзда і рэзкім голасам. Джэры заўважыў, што ён вельмі непакоіцца, нэрвуе і што жонка яго моцна ўстрывожана.

Яна была худая, вялая, хваравітая жанчына. Вечная цяжкая праца пакінула выразны сьлед на яе твары. Гэта было тое-ж самае жыцьцё і тая-ж работа, якая сагнула плечы яе мужа, зрабіла вузлаватымі яго рукі і пабяліла яго валасы сівымі пасмамі.

— Ён пашоў на палязаньне ў «Кульгавую Карову», — адказаў Джэры;—Вы хочаце пераехаць на другі бок?

Жанчына пачала ціха плакаць, а яе муж прагаварыў нешта нявыразнае і падышоў да акна. Джэры таксама пачаў углядацца на кабелі, якія губляліся ў густой сетцы дажджу.

Жыхары лясістай часткі гэтай мясцовасьці прывыклі перапраўляцца цераз Сакрамэнто па кабелю «Залатога Дракона». За гэта бралася невялічкая плата, з якой таварыства «Залатога Дракона» плаціла пэнсію Холу.

— Нам трэба на той бэраг, Джэры, — сказаў Сьпілея, паказваючы пры гэтым вялікім пальцам на жонку. — 3 яе бацькам здарылася бяда ў Клувэр-Ліфе. Выбух пораху. Надзеі ніякай… Мы толькі што атрымалі вестку.

Джэры адчуў, як усё закалацілася ў яго ў сярэдзіне. Ён здагадаўся, што Сьпілен хоча пераехаць на кабелі «Залатой Мары», але ведаў, што бяз бацькі ён ня можа сам на гэта адважыцца, тым больш, што кабелем гэтым і раней ніколі не карысталіся для перавозкі пасажыраў, ды і наогул яго даўно ўжо ня пускалі ў ход.

— Можа, Хол неўзабаве вернецца, — сказаў ён.

Сьпілен пакруціў галавою і запытаўся:

— Дзе твой бацька?

— У Сан-Францыско, — коратка адказаў Джэры.

Сьпілен вылаяўся і пачаў ад злосьці тупаць узад і ўперад. Жонка яго заплакала мацней, і Джэры мог разабраць, як яна мармытала: «А тата памірае, памірае»…

Вочы Джэры затуманіліся сьлязьмі, ён стаяў, як ашаломлены, і ня ведаў, што рабіць. Але мужчына вырашыў за яго.

— Паслухай, малы, — сказаў ён цьвёрда, — мы з жонкаю пераедзем на вашым кабелі. Можаш ты пусьціць яго для нас?

Джэры зьлёгку адхіснуўся, ён зрабіў гэта несьвядома, нібы адступаючыся перад нечым няпрыемным.

— Лепш даведайцеся, ці не вярнуўся Хол, — параіў ён.

— А калі не вярнуўся?

Джэры зноў занепакоіўся.