Читать «Закон жыцьця» онлайн - страница 4

Джэк Лондан

I зноў яны падышлі да месца, дзе алень спрабаваў пакінуць бераг і кінуцца ў лес. Але ваўкі дагналі яго, ён стаў дубка і зваліўся на іх, задушыўшы двох ваўкоў. Хлопчыкі сьпяшаліся і мінулі яшчэ два месцы, дзе спыняўся алень: гэтыя месцы знаходзіліся блізка адно ад аднаго і, мяркуючы па сьлядох, прыпынак быў кароткі. Сьлед афарбаваўся крывёю, а крокі аленя сталі кароткімі, няроўнымі. Потым яны пачулі першьія гукі змагьньня — ваўкі цяпер ня вылі, а брахалі: гэта сьведчыла пра тое, што перамога блізка. Зінг-Ха, супраць ветру, поўз па сьнягу, а за ім папоўз і Коскуш, які праз некалькі гадоў стаў правадыром племя. Яны рассунулі ніжнія галінкі маладой елкі і глянулі наперад. Убачылі яны ўжо сьмерць аленя.

Гэтае здарэньне, як і ўсе ўспаміны маладосьці, надоўга засталося ў памяці, і цяпер перад сьляпым ужо дзедам уся сцэна прайшла гэтак-жа выразна, як у тыя даўно мінулыя часы. Коскуш дзівіўся, як гэта тады ўсё было дзіўным і цікавым: потым, калі ён стаў правадыром племя, не такімі варочваў справамі, яго імя было праклята племем Пельлі, ня кажучы ўжо пра белага чужаземца, якога ён забіў у рукапашнай бойцы.

Доўга разважаў ён пра дні свайго юнацтва, пакуль агонь не паменшаў і не павялічыўся мароз. Ён падкінуў у агонь два палены адразу і вобмацкам пералічыў, колькі яшчэ засталося. Калі-б Сіт-Кум-То-Ха мела час падумаць пра свайго дзеда і сабрала-б дроў крыху больш — яго апошнія хвіліны жыцьця былі-б прадоўжаны. Зрабіць гэта ёй было няцяжка! А між іншым, ці-ж ня ўсёроўна? Хіба ён рабіў лепш, калі быў маладым? Ён прыслухаўся да цішыні. Можа, сэрца яго сына памякчэла, і ён вярнуўся са сваімі сабакамі, каб забраць старога бацьку туды, дзе можна забіць шмат сытых, смачных аленяў.

Ён прыслухаўся і перастаў думаць. Ціха, нішто ня шасьне. Ён адзін жыў сярод вялікай цішыні. Яму зрабілася сумна. Але, стой! Што гэта? Па яго скуры прабеглі дрыжыкі. Знаёмае выцьцё парушыла цішыню і пачулася яно траха што не каля яго. Перад яго сьляпымі вачыма паўсталі здані з аленем, старым аленем: яго скрываўленыя бакі, пакалдучаная грыва, вялікія, разгірастыя рогі — алень, які змагаецца да канца. Ён убачыў шэрых ваўкоў, агністыя вочы высалапленыя языкі і запененыя іклы. Ён бачыў, як звужваеццасьмяртэльны круг, і чарада ваўкоў зьбіваецца ў невялікую кучу на палянцы, дзе ўтаптаны сьнег.

Халодная морда стукнулася аб яго шчаку, і гэта вярнула старога да памяці. Ён працягнуў руку у агонь і выхапіў галавешку. Страх перад чалавекам прымусіў воўка адскочыцца, зьвер адступіў і працяжна завыў. Гэтым ён заклікаў сваіх братоў; пачуўся адказ, і неўзабаве дзед быў акружаны чарадою ваўкоў, якія падкрадваліся да свае ахвяры. Ён прыслухоўваўся і адчуў, як звужваецца сьмяртэльны круг і дзіка шпурнуў галавешкаю. Зьвяры толькі люта зарыкалі, але не разьбегліся. Вось адзін з іх паўзе наперад, вось другі, трэці. ніводзін не адступіў…