Читать «Закон жыцьця» онлайн - страница 2

Джэк Лондан

Ён апусьціў галаву і прыслухоўваўся, пакуль чуваць было, як рыпеў сьнег. Калі ўсё сьцішылася, тады ён зразумеў, што сын яго болей не пачуе. Сьпяшаючыся, працягнуў ён рукі да дроў. Яны адны адмяжоўвалі яго ад сьмерці. Цяпер меркаю яго жыцьця стала вязка дроў. Адно палена за адным трэба было аддаваць агню, і кожнае зьнікшае палена азначала набліжэньне сьмерці. Калі астатні кавалак палена аддасьць яму сваё пяпло, мароз пачне мацнець, спачатку эамерзнуць ногі, потым рукі і нарзшце ўсё цела. Галава схіліцца на калені, і ён памрэ. Гэта лёгкая сьмерць. Усе людзі павінны памерці.

Ён ня скардзіўся. Такі шлях жыцьця, і шлях гэты правільны. Ён радзіўся на зямлі, пражыў жыцьцё, і закон ня быў для яго новым. Гэта быў закон для ўсяго жывога. Прырода ня лічыцца з асобнымі стварэньнямі. Яна клапоціцца толькі аб родзе. Так думаў Коскуш, бо так, па яго нагляданьнях, было ў жыцьці. Вясною дрэва напаўняецца сокам, распускаюцца зялёныя пупышкі, а ўвосень адпадаюць жоўтыя лісты, — у гэтым усё выказана. Прырода вызначыла кожнаму стварэньню пэўны абавязак. Калі абавязак выкананы — стварэньне памірае. Прырода не зважае ні на што. Многа ёсьць людзей, пакорлівых закону, але жыве і не памірае толькі пакорлівасьць. Племя Коскуша было вельмі старажыным. Як быў малым, Коскуш ведаў даўнейшых дзядоў, і яны ўспаміналі сваіх дзядоў і прадзедаў. Значыцца, праўда, што племя жыве, падначальваючыся закону ўсіх сваіх членаў, што жылі ў мінулым і параскіданы ў розных магілах. Асобныя людзі — нічога; яны прыходзяць і зьнікаюць, як хмаркі на летнім небе. Ён таксама — толькі хмарка на небе, і яму пара зьнікнуць. Што за клопат прыродзе аб ім, старым дзядулі. Жывыя павінны былі выканаць свой абавязак і падначаліцца закону. Абавязак гэты — працяг роду, а закон — сьмерць. На здаровую, дужую дзяўчыну люба глянуць: шагі яе лёгкія і вочы блішчаць. Потым, калі ў яе зьявяцца дзеці, прыгожасьць памалу прападае. Ногі цягнуцца па зямлі, вочы мутнеюць і адны толькі маленькія дзеці ахвотна гладзяць маршчыністыя шчокі свае старой маткі. Яе абавязак выкананы. А потым, як толькі прыходзіць голад, ці ад’яжджаюць у вялікую дарогу — яе пакідаюць, як пакінулі яго, у сьнягу, з невялікаю вязкаю дроў. Такі закон.

Ён асьцярожна палажыў у агонь палена і разважаў далей. Тое-ж адбываецца ўсюды з усімі жывымі стварэньнямі. Москіты прападаюць, калі пачнецца першы мароз. Вавёрка, калі чуе набліжэньне сьмерці, адпаўзаецца далей у зацішнае месца. Калі трусік старэе, ён цяжэе, у яго няма больш сілы ратавацца ад ворагаў. Нават вялікі мядзьведзь сьлепне, становіцца лянівым і сярдзітым, і нарэшце даходзіць да таго, што сабакі лёгка спраўляюцца з ім. Дзед успомніў, як ён сам пакінуў свайго бацьку, за год да таго, як прышоў да іх місіянэр з кніжкамі і скрынкаю розных лекаў. Коскуш раней толькі аблізваўся, калі ўспамінаў тую скрынку, але цяпер яго губы былі сухімі. Вельмі-ж упамяць адно лякарства — «сьмерць болю», — яно было асабліва смачнае. Але місіянэр быў дармаедам: ён не здабываў мяса, а толькі еў, і паляўнічыя наракалі на яго. Аднойчы ён прастудзіў лёгкія, а потым сабак раскапалі яго магілу і перагрызьліся з-за яго касьцей.