Читать «Перловый суп» онлайн - страница 114

Евгений Доминикович Будинас

Думаю, што ўсьлед за дзядзькам Міколам я не выправіўся толькі дзякуючы вядзьмарскім бабуліным здольнасьцям.

Пасьля таго я каштаваў безьліч напояў — ад забойчага абсэнту да вытанчанага французкага віна, за пару пляшак якога, мне казалі, можна купіць аўто. Але самагонкі ў гэтым асартымэнце не было ніколі. Уражаньняў ад дэбюту за грубкай хапіла, па маіх падліках, на цэлыя сорак гадоў — да майго першага прыезду на запрашэньне Жэні Будзінаса ў Дудуткі.

...Вакол добра вядомага ўсім тамтэйшым заўсёднікам самагоннага агрэгата раіліся, як пчолы, дыпляматы ўперамешку з журналістамі. Хтосьці, накаштаваўшыся, ужо шчасьліва адпачываў пад кустом агрэсту.

Цяжка сказаць чаму — магчыма, натхніўшыся прысутнасьцю ў чарзе знаёмай карэспандэнткі апальнай газэты, якой хацелася даць ня толькі інтэрв'ю, магчыма, пад узьдзеяньнем самой куражнай атмасфэры Дудутак — але я таксама апынуўся ў чарзе і неўзабаве цьвёрда трымаў у руцэ шклянку з «будзінасаўкай»,

Праз колькі хвілінаў навакольны сьвет зьлёгку гайдануўся і павярнуўся да мяне іншай граньню. Галасы зрабіліся цішэйшымі, фарбы — ярчэйшымі, жанчыны — прыгажэйшымі. Я цёпла згадаў старажытных германцаў, якія лічылі цьвярозы позірк на жыцьцё толькі адным з магчымых і ўсе важныя справы абмяркоўвалі двойчы: на сьвежую галаву і ніштавата прыняўшы, ад чаго гэтая галава, ня выключана, рабілася яшчэ сьвяжэйшаю.

Але галоўнае было тое, што мяне падхапіла хваля дзівоснага адчуваньня, якое часам казённа называюць натхненьнем. Я знайшоў свой куст агрэсту і на нейкай газэціне, бо нічога іншага пад рукой не аказалася, пачаў пісаць ці, дакладней, запісваць верш. У ім ажывалі дзяцінства, баба Жэня, гарышча ейнае хаты, куды мне было забаронена лазіць, бо менавіта там жыў дамавік з дамавічыхай і яшчэ нейкімі больш таямнічымі й вусьцішнымі стварэньнямі.

Да мяне схіліўся нечы твар. Гэта была не бабуля Жэня і не дамавік. А можа, і дамавік у абліччы Жэні Будзінаса. «Табе дрэнна?» — весела пацікавіўся ён, працягваючы ў якасьці лекаў новую шклянку. «Мне цудоўна!» — адгукнуўся я, закусваючы агрэсьцінай...

На даляглядзе Жэня вёў кудысьці ў бок ветрака маю знаёмую журналістку. Аднак іхняе інтэрв'ю мяне абыходзіла зараз ня больш за марсіянскія каналы. Паўзьверх друкаваных газэтных радкоў пра апазыцыю, прэзыдэнта, запушчаныя заводы й разагнаныя мітынгі мая рука выводзіла:

Мы жывём у хаце, над намі жыве гарышча, над гарышчам — неба.

Ці трэба казаць, што ад таго часу, з'яўляючыся ў Дудутках, я нязьменна апынаўся ў чарзе да чарадзейнага апарата — каб выпіць за сьветлую памяць бабы Жэні, за здароўе Жэні-гаспадара і за новы верш, які абавязкова напішу, глынуўшы ягонае акавіты.

Астатні раз у Дудутках давялося піць ужо за сьветлую памяць самога Жэні. Але паколькі пітво было тое самае, верш усё адно нарадзіўся:

Вецер — ды гэта ўсяго толькі розьніца ціскаў, Дзе тая дзева, якую за школай ты ціскаў? Жыць — гэта йсьці супраць ветру, адкрыўшы забрала. Дзе тая рэчка, што ледзьве цябе не забрала? Дзева памерла, пасьпеўшы паняньчыць унука, Рэчка зьніцела — сама без усякай прынукі. Ты паглядзіш у яе перасохпае люстра, Нешта згадаеш з таго, што казаў Заратустра Можа, вось гэта: адны паміраюць зарана, Ну, а другія — запозна... Адкрыецца рана Ў памяці соннай зьнячэўку: філёзаф засраны! Як яе клікалі? Аня, Ганулечка, Ганна!