Читать «Шчасьлівы муж» онлайн - страница 4

Францішак Аляхновіч

За сцэнай званок.

Магдалена (ціха да Фэлькі). Фэлька! ён! (да Мяшочыхі). Выбачайце, панічка, зараз… (выбягае з Фэлькай).

Зьява 7

Мяшочак, Мяшочыха, Леакадка, Пышка, Шышка.

Мяшочыха (гледзячы ў сьлед Магдалене). Мабыць спадзяваецца нейкага важнага госьця, што гэтак усхопілася. (Падыходзіць да дзьвярэй і глядзіць у другі пакой, пасьля варочаецца).

Мяшочак праз гэты час задрамаў.

Пышка і Шышка сядзяць каля Леокадыі, ня ведаючы аб чым гутарыць; адзін параўляе маншэты, другі — каўнер.

Леакадка сядзіць, скромна апусьціўшы вочы.

Мяшочыха (да кавалераў). Ну чаму–ж вы нічога не гаворыце? Сумна так сядзець. Кавалеры павінны забаўляць паненку.

Пышка і Шышка (разам). А пагода сягоньня харошая!

Леакадка. А нічога сабе, толькі вецер…

Шышка. А мне здаецца, што ветру няма.

Леакадка. Не, вецер ёсьць.

Пышка. Ня так ужо каб надта, але трохі.

Шышка. Ну але, трошачкі дык ёсьць.

Паўза.

Мяшочыха. Ну, што–ж вы йзноў замоўклі?

Пышка. А вось учора быў дождж. Леакадка. Няўжок? А я вось не памятаю.

Мяшочыха (да дачкі). Бо ты ўчора праз увесь дзень грала на фартэпьяні і зусім ня выходзіла з хаты, дык і ня заўважыла.

Леакадка. Ах, праўда, я праз увесь дзень грала!

Мяшочыха (да Пышкі і Шышкі). Вы любіце музыку?

Пышка і Шышка. Але, любім.

Мяшочыха. Мая Леакадка страшэнна любіць музыку. Яе нельга адарваць ад фартэпьяну, цалюсенькі дзень грае; ужо навет суседзі пачынаюць жаліцца. (Да дачкі, папраўляючы ей істужку на галаве). Ах, ты мая артыстка! (адыходзіць ізноў ад дзьвярэй і глядзіць углыб).

Леакадка (быццам засаоміўшыся). Ах, што мама… Паўза. Пышка і Шышка час–ад–часу кашляюць быццам хочучы нешта сказаць, але ня ведаючы з чаго пачаць. Леакадка клумсае сваю хустачку.

Шышка. І чаму гэта так дзіўна бывае, што ўлетку падае дождж, а ўзімку — сьнег!

Леакадка. Як падае дождж, дык надта дрэнна.

Пышка. Асабліва, калі парасона няма.

Мяшочыха. (падыходзіць да заснуўшага мужа і тузае яго). Калістрат! У чужым доме!.. не выпадае!.. Калістрат!

Мяшочак. Дай паспаць… Адчапіся!.. Яшчэ рана.

Зьява 8

Мяшочак, Мяшочыха, Леакадка, Пышка, Шышка, Магдалена, Фэлька, Мацальскі.

Магдалена (уваходзячы). Калі ласка, просім бліжэй, просім… Будзьце знаёмы: гэта пан граф Мацальскі, а гэта — пані Мяшочыха, пан Мяшочак, панна Леакадка, а гэта пан Пышка і пан Шышка…

Ува ўсіх, як пачулі слова «граф», ад дзіву выцягнуліся фізяноміі. Кожны асьцярожна, з пашанай падае руку Мацальскаму.

Мацальскі. Вельмі прыемна… (горда гледзячы з гары на ўсіх, падае руку).

Шышка (да Пышкі ціха). Чуў? Граф!

Пышка. Я жывога графа першы раз бачу.

Шышка. А ў майго брата быў знаёмы, дык ён расказваў…

Мацальскі. Мэдам і мэсье! Проста кажучы, вельмі рад, што я апынуўся сягоньня ў гэтай незнаёмай, але такой вясёлай кумпаніі. Я сам чэлавек вясёлы і люблю павесяліцца, і прыйшоў–бы сюды шмат раней, каб ня служба.

Магдалена (гледзячы на Мацальскага ачараваная). Няўжож вы, пан граф, маеце службу?