Читать «Дзве душы» онлайн - страница 8

Максім Гарэцкі

Князь не хаваўся, што нялюб яму Абдзіраловіч, другі паўсёдны гасцяваннік макасееўскага дому. А той чуў да князя тое самае: памятаў ліпнёвую ноч у купэ, як князь еў парасёнка. І калі ў прысутнасці князя маці дражніла Алечку Абдзіраловічам, казала, што дзяўчына трызніць ім ува сне і ў яві і клоніцца яму быццам богу — гвардзеец быў маўклівы, уважаў, што за нудою і так ужо вельмі рызыкоўна бярэць у абшар сваіх знаёмых нежаданы элемент.

Аля яшчэ ніколі, бадай, не кахала і не ведала, ці так наагул кахаюць, як яна Абдзіраловіча.

У парку, зрання, сцярог ён, калі, ці скора пакажацца яе лёгкая фігурка з курчаваю, без хвусткі, чорнай галоўкаю сярод грудка маленькіх браткоў і сястрыц.

І быў несказана як рад, калі яны ўсёй вятачкай валілі к лавачцы, дзе сядзеў ён; хлопчыкі па-салдацку казыралі, а дзяўчынкі прысядалі, вітаючы, і потым лезлі яму на плечы.

Яна ж ведала, што яму салодка карціць адысціся з ёю ўдвох у глыб парку ці лезці на гару і бавіцца там.

Яны часта ўздумавалі на сваю першую сустрэчу ў Маскве на вакзале, калі яна ўсміхнулася яму, а ён адхіліў свае вочы.

Яны даўно сказалі сабе, што любяцца, і згаварыліся чакаць да налецця. Яна ж спадзявалася, што незабавам прыедзе бацька; вельмі хацела паведаць старому радасную тайну сваю і пахваліцца Ігналікам. Болей нікому не ймела яна веры. Ігналік павінен быў спадабацца Міколу Мартынавічу, яна была ў гэтым пэўна.

Аднойчы Абдзіраловіч распачаў гутарку аб яе паглядах на пахаджэнне з роду, багацце і — як уважае палітычныя пытанні, але яна, відаць, зразумела так, што каханак бяднейшы за яе, і зажмала яму рот бусямі, прасіла, каб болей не казаў аб палітыцы.

Ён пачуў прыкрасць і боль, адылі супакоіў сябе, што вінават, гэта, буржуазны лад жыцця, а яна не вінавата.

І зараз на тое забыўшыся, дзівіўся, што гэта ў душы яго з якоюсь прыкрасцю дваілася? Тым часам князь, як слова наўмысля, выдумляў паездкі вярхом у горы ці ў экіпажах у італьянскую калонію — есці мёд і купляць віно. І Абдзіраловіч мусіў сачыняць у галаве розныя добрыя прыгоды, каб адмовіцца, бо не меў на тое кампанейства грошы.

Цалюткі дзень меўся ён тагды ў парку з яе браткамі і сястрыцамі, і яны пыталіся, што яму, што ён гэтак засмуціўся; і з дзяцінай простасцю пацяшалі, што Аля ўвечары прыедзе.

Іногды чакаў бясплодна аж да паўночы і раздзіраўся балючаю бязверыцаю, разважаў: ці ж яна кахае, калі шукаець прыемнасці без яго, пакідаець яго аднаго, так лёгка ймець веры, што ў яго галава баліць, калі трэба ехаць. Ці ж яна ткі кахаець?

Аднойчы ўранні хтосьці прынёс і вывесіў у лазарэце абвестку, што ў той жа дзень у Пяцігорску, у Лермантаўскай галерэі, адбудзецца першы арганізацыйны сход грамадзян-беларусаў, каторыя закінуты доляю на Каўказскія мінеральныя воды. Згукае ініцыятыўная група.