Читать «На імперыялістычнай вайне» онлайн - страница 81

Максім Гарэцкі

А брат старшага тэлефаніста Лапцева пісаў цяперашняму старшаму тэлефаністу Пашыну з родзіны, з Кастрамской губерні, што памёр Лапцеў у шпіталі ў Маскве на аперацыі.

Яшчэ забілі ў нас яго благародзіе прапаршчыка Вільгельма Георгіевіча Валка, хай будзе яму вечная памяць за добрае сэрца і справядлівасць да ніжніх чыноў.

Яшчэ забілі ездавога ад тэлефоннае двухколкі Яхімчыка і яшчэ некаторых менш знаёмых вам людзей з батарэйнай прыслугі. А то найбольш было параненых, і шмат каго параніла цяжка, так што старых батарэйцаў цяпер засталося ў батарэі мала, хоць некаторыя ўжо павярнуліся ізноў, але найбольш цяпер новыя людзі, якіх вы не ведаеце. Батарэяй камандуе яго высокаблагародзіе, нядаўна праізведзены ў падпалкоўнікі Антон Антонавіч Смірноў, камандзір баявы і чалавек да ніжняга чына, можна сказаць, справядлівы.

Яшчэ на батарэі цяпер капітан Дыямантаў, што быў раней у абозе. А таксама прыехаў нядаўна з камандзіроўкі паручнік Пупскі, ужо праізведзены за выслугу гадоў у штабс-капітаны. I ні ў чым ён не змяніўся, так што самі ведаеце… (Напісанае далей — густа замазана.) Усіх павысілі ў чыне і далі нагароду. Толькі штабс-капітан Дамброўскі застаўся ў сваім чыне, часта хварэе і знаходзіцца цяпер, можна сказаць, увесь час у штабе брыгады. Таксама там і падпаручнік Кульгацкі, ад'ютантам, даўно ўжо. А паручнік Іваноў захварэў і лечыцца ў Вільні.

Жонка нябожчыка камандзіра батарэі прыслала ўсім нам гасцінцаў на каляды і кожнаму батарэйцу фатаграфічную картачку нябожчыка камандзіра, вечная яму памяць. Таксама прыслаў на батарэю пуд махоркі бацька нябожчыка падпаручніка Сізовага.

Скалазубага падпрапаршчыка Смірновага разжалавалі ў феерверкеры за продаж казённага дабра і перавялі ў другую батарэю. Фельдфебель Хітруноў быў ранены ў плячо і цяпер знаходзіцца ў абозе. Таксама там і Шалапутаў, простым ездавым, хоць і юнкер, і дзе ён быў увесь час, невядома, а нядаўна аб'явіўся ў абозе.

I ты пытаешся, баявы наш таварыш Лявон Задума, ці былі яшчэ баі і якія змены і навіны. Так што баі былі вялікія, а якія змены і навіны, дык мы табе збольшага апісалі. У тым баі, калі ты быў ранены, кінулі мы дзве разбітыя гарматы, а шэсць, даў бог, вывезлі і начою адступілі назад у горы. А цяпер ізноў стаім на яго зямлі і спадзяёмся тут перазімаваць.

Яшчэ раз нізка кланяемся і жадаем здароўя і поспеху ў справах і каб добра пагуляў і паправіўся.

Застаёмся твае баявыя таварышы, курым махорачку і ўспамінаем цябе.

За ўсіх пісаў ваш пакорны слуга, старшы фельчар 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады, Георгіеўскі кавалер Сямён Сямёнавіч Лябёдкін.

1914–1928

Примечания

1

Звычайныя салдаты служылі на цэлы год болей, і я пайшоў вальнапісаным, каб скараціць гэты тэрмін.

2

Шпорамі.

3

Лёгкай палявой артылерыяй. Шпорамі.

4

Чалавек пяцьдзесят, сто ці і цэлая рота, што пасылаецца быць пры батарэі на выпадак неспадзяваных нападаў ворага, асабліва ў паходзе.