Читать «На імперыялістычнай вайне» онлайн

Максім Гарэцкі

Максім Гарэцкі

На імперыялістычнай вайне

Запіскі салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы

Лагер

Тэрмін службы для вальнапісаных пачынаўся ў расійскім войску 1 ліпеня. Дык у самым канцы чэрвеня 1914 года, ехаў я ў бязлюдным вагоне трэцяга класа па знямелых ад пякоты і пылу і такіх убогіх жмудскіх палях у N-скую артылерыйскую брыгаду, што кватаравала ў глухім і невядомым мястэчку недалёчка ад нямецкае граніцы.

Запякло на сэрцы, калі цягнік падходзіў да станцыі нуднай, быццам тая ўжо казарма. Вакол — жоўтыя, голыя пустыры. Усё заліта нуднаю гарачынёю. Усё соннае, пыльнае, ціхае. Выхадзі — як на пакуту.

Але ў пустых і засмечаных казармах, у цёмным і непрыветным канцылярскім пакоі, даведаўся я толькі ад сухога і цьмянага чарнавусага кашчэя-пісара, што мог сюды я і не ехаць: брыгада была ў лагеры, у суседняй губерні, вёрст за сто адгэтуль.

— Чаму ты не ехаў проста туды?

— Куды мяне паслалі, туды я і прыехаў, — адказаў я кашчэю са злосцю, што ён гаворыць мне «ты» і што такія ў іх парадкі.

Кашчэй толькі ўсміхнуўся, ціха загадаў другому пісару:

— Напішы яму пасведчанне да лагеру, а білет хай купіць на свой кошт…

— Чаму так? — не ўмоўчаў я.

— Таму, што па прыказу цябе ў нашай брыгадзе яшчэ няма… Спаганяй з свайго вайсковага начальніка.

Усё тут было па-казённаму груба і неахайна. Толькі адно акно трошку адчынілі, а там прыемна, па жывому шавяліў шырокім зялёным лісцем густы клён. I ў мяне супроць розуму з'явілася жалкая, дзяціная пацеха, што хоць жа троху, да лагеру, пабуду яшчэ на волі. Узваліў скрыначку на плечы і ізноў пацягнуўся на станцыю.

У лагер я прыехаў познаю і цёмнаю начою. Начаваў у канцылярскіх сенцах, на вузенькай лаўцы, што сядзець было вузка, мулка і сцюдзёна, а на сэрцы — страшэнна брыдка. Не супакойвала наўмысная пакора і цярплівасць.

Гоман і шум у лагеры пачаўся дужа рана. Але я паспеў і ўстаць, і пахадзіць, і пасядзець, і з'есці кавалак драчоны і колькі медунічак — і ўсё яшчэ доўга-доўга мусіў чакаць. Сядзеў на канцылярскім ганачку, на сонцы, — быццам спаў, без жывых думак, без усяго.

Аж прыйшоў ткі фельдфебель, высокі рыжаваты дзяціна, гадоў пад трыццаць, і з маленькімі і рэдкімі залатымі вусікамі. Узяў мае паперы, сказаў пісару запісаць. Гаворачы, ён клаў два пальцы на ніжнюю лупу, мачыў іх, бздрынкнуўшы па ёй, і падкручваў залатыя вусікі. На мяне стараўся не глядзець.

Раптам недалёка ад канцылярыі лачуўся шум і голас. Разляглася дужая каманда-крык: «Смірна-а-а!» Гэта ішоў камандзір батарэі ў канцылярыю. I ў канцылярыі ўсе заварушыліся як ашпараныя. Фельдфебель крыкнуў:

— Устаць! Смірна а!

Усе ўскочылі, выцягнуліся, скамянелі. Паказаўся высокі і быццам задуманы афіцэр, з вусамі і падстрыжанаю бародкаю.

— Здарова, братцы! сказаў ён ціхавата і вугнава.

— Здраў-жлаў, ва-скродзь!!! — вякнулі ўсе на ўсю сілу і як адзін.

Фельдфебель, як чытаючы па кніжцы, злажыў рапарт і сказаў пра мяне. Камандзір з нейкаю няласкаю ці пагардаю павёў галавою ў мой бок.

— Здраўствуй!

— Здраўствуйце!

Ува ўсіх прабег смех, а ў фельдфебеля і прыкрасць. Хоць я быў яшчэ ў вольнай адзежы, для іх такі адказ камандзіру быў смешан і дзік.