Читать «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» онлайн - страница 2
Ян Баршчэўскі
На ўсім гэтым абшары вузкія камяністыя дарогі, пераразаючы гарыстыя мясціны і мінаючы дзікія берагі азёраў, хаваюцца ў пушчах. У бедных вёсках у святочныя і будзённыя дні заўсёды пануе нейкая панурая цішыня; рэдка адгукнецца песня жняца або ратая, і па гэтым спеве можна лёгка зразумець яго заклапочаныя думкі, бо няўрод часта ашуквае тут надзеі працавітага земляроба…
У гэтых краях прайшлі дзіцячыя мае гады. Тут я пасля таго, як разлучыўся з маладымі сваімі таварышамі па Полацкай акадэміі, не могучы мець пры сабе іншых кніг, апрача некалькіх лацінскіх і грэцкіх класікаў, блукаў у прыемных марах дзе-небудзь у цёмнай пушчы або па бязлюдным беразе возера; любіў чытаць у кнізе прыроды, калі вечаровай парою адкрыецца старонка, на якой мільёнамі зіхоткіх угары зорак напісана Божая Ўсемагутнасць. На зямлі, пакрытай безліччу раслін і жывёл, я чытаў аб Міласэрнасці і Волі Творцы. Гэтая кніга прыроды вучыла мяне сапраўднай паэзіі, сапраўдным пачуццям лепей, чым сённяшнія гаваркія крытыкі, якія чужыя пачуцці і розныя здольнасці, дадзеныя чалавеку ад Бога, хочуць, быццам фрак, перашыць на сваю фігуру.
Апавяданні старых пра розныя здарэнні ў іх народных аповесцях, якія перайшлі ад чалавека да чалавека са старадаўніх часоў, былі для мяне гісторыяй гэтае зямлі, характару і пачуццяў беларусаў.
Пасля таго як лёс закінуў мяне ў далёкія мясціны, як жа часта самотныя думкі мае з берагоў Нявы вяртаюцца ў гэты край, дзе прайшлі лепшыя гады майго жыцця, дзе столькі мілых успамінаў малюе мне памяць! Успамінаю недалёкія ад Невеля ваколіцы Рабшчызны, дзе прырода ўзняла высокія горы, быццам паверхі велізарных гмахаў, якія стагоддзі пакрылі ценем лясоў, а некаторыя пад пагодлівым сонцам ззяюць залатым пяском. Якія там разнастайныя краявіды, якія цудоўныя малюнкі! Калі хто, будучы ў гэтым краі, узышоў на вяршыню Пачаноўскае гары і глядзеў на дзікія ваколіцы, што ляжаць навокал, дык бачыў, як азёры тут і там, нібы люстэркі, адбіваюць дзённы прамень, а над іх берагамі дрэмлюць густыя лясы, як дзе-нідзе па схілах чарнеюць бедныя сялянскія хаціны; але не ўбачыш тут нідзе ні гарадскіх муроў, ні вежаў старога замка. Там чалавек забывае пра свет. Не гучаць там спрэчкі французскае палаты ў справе Егіпта і Турцыі, не чуваць там пра англійскі парламент, пра вайну з кітайцамі, не гамоняць там ні пра чыгункі, ні пра дзівосную вынаходку Дагера. І толькі голас пастушка, стрэл паляўнічага ў лесе або вецер, што гойсае ў вяршалінах пушчы, парушаюць на хвіліну цішыню ваколіцы…
Бліжэй да Полацка возера Нешчарда на некалькі міль залівае абшар, падмывае хвалямі ўзбярэжныя пясчаныя горы, на поўдзень — шырокія паплавы, усеяныя купамі лазняку, сям-там рэчкі, бегучы здалёк сярод чароту, хаваюцца ў разліве азёрнае вады. Там вясна — рай; самыя розныя птушкі, здаецца, збіраюцца з усіх канцоў свету, тысячы розных меладычных, дзікіх і чуллівых галасоў адгукаюцца над вадою па лугах і лясах: енк зязюлі, пошчак салаўёў, голас бугая ў чароце, рэзкія крыкі качак… Гэтая дзівосная суладнасць і гэты канцэрт прыроды пераносілі мае ўяўленні ў нейкі чарадзейны край.