Читать «Сабака з залатым зубам» онлайн - страница 4
Уладзімір Сауліч
Ціха заходзіць сяржант Дзюба. Маёр Козлікаў не заўважае яго, падымае шклянку.
За ўласную смерць!
Сяржант Дзюба (амаль шэптам). Таварыш маёр, дазвольце далажыць?
Маёр Козлікаў скаланаецца. Шклянка падае з рук.
Маёр Козлікаў (накідваецца на сяржанта Дзюбу). У, мля… Куды сунешся з нямытым рылам?!
Сяржант Дзюба. Вінаваты, таварыш маёр. Надзвычайная сітуацыя. Дазвольце далажыць?
Маёр Козлікаў. Не дазваляю. Пайшоў вон!
Сяржант Дзюба (казырае). Ёсць вон! (Адступае спіной да дзвярэй і знікае за імі.)
Маёр Козлікаў налівае па новай. З кута чуваць манатонны голас Кацярыны Карпаўны.
Кацярына Карпаўна (моліцца). Божачка, скажы мне, дурной, што гэта з людзьмі парабілася? Цкуюць адзін аднаго, душаць, б'юць, зусім звар'яцелі… Што гэта, Божачка?
Маёр Козлікаў. Канчай, матка!
Кацярына Карпаўна. Божачка, як жыць далей?
Маёр Козлікаў. У доме састарэлых будзеш жыць далей. Збірайся, матка!
Кацярына Карпаўна (разгублена). Прама цяпер?
Маёр Козлікаў. Цяпер.
Кацярына Карпаўна. Як жа так, сынок, цяпер? Гэта ж не ў краму, не на фэст, можа, заўтра?
Маёр Козлікаў. Ніякіх заўтра. Сёння, матка! І толькі сёння! (Адчыняе дзверы шафы.)
Кацярына Карпаўна (працягвае рукі). Я сама! Сама я, сынок!.. (Пачынае зборы.)
Маёр Козлікаў уключае вясёлую музыку, але слухаць яе доўга не даводзіцца. У пакой з плачам, лямантам улятае Фяўроння Захараўна. На руках у яе сабака. Твар у Фяўронні Захараўны белы ад маскі з кефіру.
Фяўроння Захараўна (істэрычна). Ой, лю-дзі, ратуйце! Па-мі-ра-ю-ю!
Маёр Козлікаў (спалохана). Фяўронюшка, ты што?! Ты чаго?..
Фяўроння Захараўна. Ой, блага…
Маёр Козлікаў (набірае ў рот самагонкі і пырскае на Фяўронню Захараўну). Ты — з-за маткі?.. Матку я апрыходваю!
Фяўроння Захараўна. Ой, не-е… (Галосіць яшчэ мацней.)
Маёр Козлікаў (бездапаможна азіраецца). З Ладай што?
Фяўроння Захараўна. Не-е… (Ірве валасы на галаве.)
Маёр Козлікаў (губляе цярпенне, трасе Фяў-ронню Захараўну за плечы). Гавары!
Фяўроння Захараўна моўчкі паказвае на сабаку.
Цюцька?! Што цюцька?
Фяўроння Захараўна (слёзна). З-з-зуб…
Маёр Козлікаў. А-а, цябе зубамі пакусаў цюцька? (Растапырвае пальцы.) Ды я яго раздаўлю, як мошку, мля!
Фяўроння Захараўна. Ой, не!
Маёр Козлікаў. Я яго раз і назаўсёды адвучу кусацца.
Фяўроння Захараўна (заікаючыся). Ён не можа ку-ку-сацца. Ён шчарбаты.
Маёр Козлікаў. Што значыць — шчарбаты?
Фяўроння Захараўна. Без зуба. (Зноў заліваецца слязьмі.)
Маёр Козлікаў падскоквае да сабакі, адкрывае яму зяпу і бачыць, што адсутнічае пярэдні зуб у верхнім радзе.
Маёр Козлікаў (адчайна). Во, мля!.. (Адчыняе дзверы, кліча.) Сяржант, мля!
Убягае сяржант Дзюба.
Сяржант Дзюба. Надзвычайная сітуацыя, таварыш маёр?