Читать «Сабака з залатым зубам» онлайн
Уладзімір Сауліч
Уладзімір Сауліч
Сабака з залатым зубам
Дзеючыя асобы
Каранат Каранатавіч Козлікаў — начальнік медвыцвярэзніка, маёр міліцыі.
Фяўроння Захараўна — яго жонка, крыклівая, чэрствая жанчына, якой не церпіцца хутчэй трапіць у вышэйшы свет.
Лада — іх дачка, дзяўчына, якой усё надакучыла. У тым ліку — і жыццё.
Кацярына Карпаўна — маці маёра Козлікава, ціхмяная згорбленая жанчына, якой ніяк не ўдаецца памерці.
Сяржант Дзюба — ад'ютант маёра Козлікава, работнік медвыцвярэзніка.
Дзед Язэп — калгасны вартаўнік, былы сусед Кацярыны Карпаўны.
Два чалавекі ў чорным — людзі з пахавальнага бюро.
Дзея першая
Пакой гарадской кватэры, абстаўлены без густу. Кніжная паліца з адзінай кнігай, канапа, тэлефон, скручаныя дываны, ласіныя рогі. На сцяне — вялікі партрэт маёра Козлікава, а вакол — цэлая галерэя меншых здымкаў, якія адлюстроўваюць жыццё маёра на службе і дома. Пасярод пакоя — самагонны апарат самай навейшай канструкцыі. У пакоі — двое. Кацярына Карпаўна адбівае паклоны перад партрэтам Козлікава. Маёр Козлікаў завіхаецца каля самагоннага апарата.
Маёр Козлікаў (торкае пальцам у самагонку, выцягвае яго і падносіць запалку. На пальцы ўспыхвае ярка-сіняе полымя. Цмокае языком). Хораша, зараза!.. Не магазіннае дзярмо. (Паварочваецца да залы.) Вам смешна, што начальнік медвыцвярэзніка маёр Козлікаў у мундзіры, пры пагонах гоніць самагонку?! Эх, людзі, людзі! Усе мы людзі! Усе мы чалавекі!.. Хочаш жыць — умей круціцца!
З кута даносіцца голас Кацярыны Карпаўны, якая моліцца.
Кацярына Карпаўна. Божачка, даруй мне, старой, можа, не так я жыла, не заўсёды тое рабіла, але ж Ты ўсё можаш: дай шчасця і здароўя сыну майму — Каранату, нявестцы Фяўронні, унучцы.
Маёр Козлікаў (Кацярыне Карпаўне). Матка! Перастань! Гэта ж не ікона! Гэта партрэт мой!
Кацярына Карпаўна працягвае маліцца. Маёр Козлікаў махае рукой.
А-а, ёй хоць гарох аб сцяну. Не чуе. Здам днямі ў дом састарэлых, і канцы на тым! (Да залы.) Вы асуджаеце, што начальнік, такі лоб, і матку — у дом састарэлых?! А што мне рабіць, людзі?! У мяне ж выйсця іншага няма. Вось памяркуйце. Вы ж, напэўна, чулі, што пайшла мода на сабак. У нашага старшыні райвыканкома ажно тры цюцькі дома. Адзін — тапкі ў зубах гаспадару падносіць, другі — заместа падушкі пад галаву кладзецца. Трэці — гаўкае пад музыку. Вот і жонка мая, Фяўроння Захараўна, паглядзеўшы на гэтыя штукі, уз'ерапенілася: «Хачу такога вучонага сабачку!» Я адбіваўся спачатку: «Навошта нам гэтая сука? Лішні рот у сям'і». Але жонка яшчэ больш насела. Ну і змушаны быў саступіць. Напытаў цюцьку. Ды не абы-якога, а іншаземнага паходжання. І яму, як іншаземцу, самі разумееце, пакой патрэбен асобны. А ў мяне ў гэтым пакоі матка пражывае. І тут, як ні круці, але апошняй давядзецца ўступіць. (Налівае самагонкі ў шклянку. Да Кацярыны Карпаўны.) Матка! Здаю цябе ў дом састарэлых. Чуеш?! Там на Леніна будзеш маліцца!.. За гэта! (Падымае шклянку з гарэлкай.)
У пакой нячутна заходзіць сяржант Дзюба з мяшком за плячыма.
Сяржант Дзюба (знянацку гаркае). Здравія жадаю, таварыш маёр!