Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 104

Васіль Быкаў

«Мамачка, я не памру. Я не памру, мамачка…»

Але яе наіўнае суцяшэнне выклікае ў маці новы нястрымны плач. Уткнуўшыся ў ложак, маці аж захліпаецца, і Зоська з недзіцячай рашучасцю думае, што яна нізашто не памрэ, яна будзе жыць, бо як жа тады любая яе маці?

Маці — галоўная радасць яе жыцця, таксама як і яна для маці. Зоська добра ведае гэта і думае, што ніколі на свеце яны не разлучацца.

Але во разлучыліся…

Людзі казалі, што з твару яна — вылітая маці, што і характар у яе ўвесь матчын. Зоська слухала і не ведала, ці сапраўды гэта так, затое думала часам, што сваю дабрату і спагадлівасць пэўна ўзяла ад маці. Часта яна злавала на сябе з тае прычыны, бо час менш за ўсё стасаваўся з тымі пачуццямі, якія некаторыя прымалі за слабасць тады, як скрозь трэба была сіла. Але кожны раз ёй быў непрыемны адзін выгляд чалавека, яўна пазбаўленага дабраты, заскарузлага ў зле і нянавісці, і яна адчувала, што лепей быць добрай. Значыць, быць справядлівай.

…Пасля ў паўсне яна чуе нечую ціхую размову побач, але там гучаць новыя галасы, падобна, мужчынскія, і да свядомасці яе даходзіць трывожнае слова доктар. Яна здагадваецца, што гэта значыць, і хоча сказаць, што не трэба яе везці да доктара, які ёй непрыемны з дзяцінства, бо доктар — чалавек з іншага, невядомага ёй свету, і з ім звязаны новыя, малапрыемныя для яе перажыванні. Праўда, цяпер у яе іншыя, але не меней важныя прычыны не хацець доктара, толькі ў яе не стае сілы сказаць пра тое, і яна ціхенька роспачна стогне.

— Папі малачка, дзяўчатка. Папі цёпленькага…

— Ну што ты прыстала да яе з малачком? Бачыш, не можа! — строга гудзе мужчынскі голас, у якім Зосьцы чуюцца знаёмыя ноты, і яна ўся напружваецца. Але не, гэта не бацька…

Бацьку яна меней любіла, напэўна, таму, што ён дужа быў строгі, маўклівы і часам крута абыходзіўся з маці. Але ў раннім далёкім дзяцінстве Зоська, можа, болей за ўсіх падабала менавіта бацьку, асабліва ў рэдкія для яго хвіліны адпачынку, калі ён быў вольны ад працы і знаходзіў магчымасць заняцца дзецьмі. З нейкіх глыбокіх куточкаў памяці выплывае даўні далёкі дзень напярэдадні Сёмухі ў пачатку лета, напаўзарослая мураўкай дарога ў цёплым і мяккім пыле за вёскай, і яны з сястрой, што бягуць поруч з бацькам. Выстаўленай убок рукой Зоська вядзе па шчыкотных сцяблінах густой сцяны жыта, зганяючы адтуль аселых на ноч матылёў, у ясным пагодным небе імкліва носяцца ластаўкі, і за бацькам плыве ў паветры гаркавы водар бярозавага вецця, цэлае бярэмя якога яны наламалі ў лесе. Дома іх чакаў перадсвяточны парадак у хаце, свежапамытая маці падлога была густа затрэсена духмянымі сцяблінкамі аеру, яны адразу пачалі ўпрыгожваць хату бярэзнічкам і густа наторкалі яго ўсюды, дзе толькі магла трымацца хоць самая дробная галінка. Усю ноч у хаце панаваў дзіўны пах лугу і лесу. Зосьцы сніліся блакітныя сны, і ўсё яе ранняе маленства было зманлівай абяцанкай вялікага і хуткага шчасця.