Читать «Сваякі» онлайн - страница 5

Васіль Быкаў

— Ах так, шчанюк! — сказаў Дрозд. — Да сценкі яго!

Тыя два дужа рванулі сына за звязаныя рукі з долу, размашыста кінулі да патрэсканых бёрнаў сцяны, а Дрозд узняў свой карабін. Яна зноў падхапілася з месца, у гэты раз — ужо да сына, але над галавой яе грымнула, аглушыла. Алесь неяк от дзіўна і жахліва напружыўся, вусны яго скрывіліся і галава бездапаможна ўпала падбародкам на грудзі. Ён споўз спіной па сцяне і ў недарэчна скурчанай позе застыў ля падмурка.

Тады яна зразумела, якую недаравальна жахлівую бяду наклікала на іх і на сябе таксама, ухапіла ля парога першае, што трапіла ёй на вочы — хварасціну, якой выганяла ўранку карову, і з безагляднаю лютасцю накінулася на Дразда.

— Гад, пошасць, забойца! Што ты нарабіў! Ірад, нечалавек!..

Яна меціла па галаве і па твары паліцая, але той увабраў галаву ў плечы, засланіўся локцем, і яна біла яго па гэтым ненавісным з паласатай павязкай лакцю, па чорнай пілотцы, пакуль Дрозд цяжкім прыкладам не адкінуў яе ад паркана.

— Прэч, гадаўка!

Аглушаная, яна зайшлася ад болю і змоўкла. Паліцай прывалок з гарода распластанае цела Сёмкі, кінуў яго на падворку і, задышліва адкашляўшыся, палез у кішэнь за махоркай.

— А здорава ты яго — пад дых! — ваўкавата пахваліў яго Дрозд. Паліцай злосна вылаяўся:

— А што ж, туды-т яго враз! Не знаў ад каго. Ад міня не ўцекёць!

Задаволена мацюкаючыся, яны ўзяліся закурваць. Яна корчылася на маладой мураўцы, усё бачыла, але бадай нічога не заўважала і ні на што не рэагавала. Потым, калі трохі пацішэў балючы звон у галаве, паднялася, спачатку на калені, затым на свае босыя, скарэлыя ногі, акінула няцямным, здзічэлым позіркам двор з нерухомымі целамі яе сыноў. У яе ўжо вельмі нямнога засталося сілы, яна трымалася за паркан і так, перабіраючы рукамі, знясілена пайшла па-над ім да вуліцы. Паліцаі яе не спынялі і не крычалі, ды яна і не прыслухоўвалася ўжо ні да чаго ў гэтым свеце, страх яе сканаў увесь без рэшты. Яна дабрыла да калодзежа, упала, жыватом на край яго прысадзістага аслізлага зруба і, убачыўшы ў ягонай глыбі далёкі проблеск святла, нібы за няздзейсненай справядлівасцю таропка рынулася ў змрочную зыбкую пройму.

1966