Читать «Сваякі» онлайн

Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

Сваякі

— Не! — сказала яна, стукнуўшы аб падлогу вілачнікам. — І не думайце!

Седзячы ля стала, яны пераглянуліся. Старэйшы — высокі, худы, па-юнацку нязграбны Алесь адразу нахмурыўся і зацяўся ў сабе, а на зусім яшчэ хлапечым пухлаватым твары пятнаццацігадовага Сёмкі мільганула нешта ўпартае і злоснае.

— Усё роўна пойдзем!

— Паспрабуйце! Паспрабуйце, ірады! Бач, удумалі! Смаркачы няшчасныя! Я вам пакажу партызанаў!

Гэта была пагроза, але ў ёй адчувалася не так сіла і ўпэўненасць, як бездапаможнасць, ад якой яна ўсхліпнула і з вілачнікам падскочыла да хлопцаў. Яны павінны былі б разбегчыся, як гэта рабілі заўжды дагэтуль, але цяпер нават не крануліся з месца, і гэта зусім раззлавала яе. Сёмка толькі ўзняў руку, яна выцяла яго некалькі разоў, не гледзячы куды, потым адзін раз — Алеся. Старэйшы прыняў яе ўдар з каменнай абыякавасцю на змрочным худым твары, нават не ўздрыгнуў, толькі мацней сцяў вусны, і яна зразумела, што ўсё гэта — дарма. Дарма ўвесь яе гнеў, яе лаянка, яе запазнелая спроба вярнуць сваю ўладу над хлопцамі. Роспач адразу падламіла яе і, кінуўшы вілачнік, яна выйшла ў сенцы.

Некалькі пакутных хвілін яна корчылася на сундуку ад бездапаможнасці і крыўды, не ў стане зразумець, чаму яны такія ўпартыя ў гэтым відавочным і пагібельным сваім намеры? Яна разумела і нават апраўдвала, калі на гэта ішлі дарослыя — акружэнцы і свае мужыкі, але што ў той калатнечы магло прывабіць падлеткаў, амаль што дзяцей? Што яны зробяць у лесе, апроч як па-дурному загінуць, як загінуў той, што тыдзень назад з ночы ляжаў да поўдня на аколіцы, застрэлены нямецкай засадай, такі маладзенькі, прыгожы дзяцюк, у акрываўленай вайсковай сарочцы. Так і яны будуць валяцца дзе-небудзь, і на іх будуць страхавіта глядзець незнаёмыя людзі, і п'яныя паліцаі будуць перакочваць іх сваімі падкутымі ботамі, а на іх босых нагах будуць апантана бегаць прагныя веснавыя мухі…

Не, ужо таму не быць! Хопіць таго, што без пары без часу склаў голаў бацька, а ў іх яшчэ, слава богу, ёсць маці, яна не можа дапусціць іхняй пагібелі. Ёй, пэўна, вядома, хто падбіў іх на гэтую гібельную справу, яна знойдзе яго і не пакіне ніводнай валасіны ў ягонай фасоністай белай чупрыне.

З раптоўнай рашучасцю яна падхапілася з сундука, выбегла на падворак, але тут жа вярнулася, сюды-туды кінулася па сенцах, шукаючы якой падпоркі і, не знайшоўшы нічога зручнага, сарвала з крука карамысла. Ахопленая помслівым зларадствам, яна туга падперла карамыслам дзверы ў хату і кінулася на вуліцу, на бягу трохі аправіла касынку і ўжо не выцірала слёз, якія ўсё яшчэ цяклі па яе шчоках.

Яна бегла па вуліцы, разганяючы пад платамі курэй, босымі нагамі ўзнімаючы ў доле пыл, і галаву яе распірала ад гнеўных, народжаных яе, мацярынскаю крыўдай слоў. Яна скажа гэтаму Яхіму, што ён душагуб, ірад бязлітасны, яна дапытае, навошта яму спатрэбіліся гэтыя зялёныя хлапчукі? Калі ўжо ўдумаў, дык хай бы сабе і ішоў сам куды толькі яму захочацца — хоць у партызаны, хоць у паліцыю, ці самому д'яблу ў зубы, толькі без іх. Хай ён зараз жа аб'явіць ім, што нікога з сабой не возьме, інакш яна паламае на ягонай галаве ўсе чапельнікі, збэсціць яго на ўсю вёску.