Читать «Сьцяна» онлайн - страница 2

Васіль Быкаў

Гераізме — так, але ж…

Але ж поруч з гераізмам было на вайне і інакшае. Годнае суседзіла з подлым, добрае — з кепскім. Як і ў самім жыцьці. Як і ў нашым сёньня, якое гэтак абрыдла большасьці. Большасьці, што апынулася ў дурнях і ня можа зразумець, па чыёй віне.

Па віне ўсё тых жа.

Хто рэвалюцыю робіць чужымі рукамі, хто вынішчае іншых, непадобных да сябе. Хто прывык жыць у абставінах лютай барацьбы — найперш са сваімі, бо сваіх лёгка перамагчы. Хто ў бой пасылае іншых, а сам застаецца камандаваць. I з гэтае нагоды пры ўсялякіх крывуляках лёсу мае барыш. У форме ўлады, прывілеяў ці, як цяпер, — даляровага рахунку ў банку.

Мы, беларусы, у гэтым сэнсе — асабліва цёмныя людзі. Дагэтуль мы не перастаем блытаць колеры, думаць, што брунатнае надта адрозьніваецца ад чырвонага. Быццам ня ведаем, што ў спэктры шмат іншых колераў, і ёсьць пэўная магчымасьць выбару. Найперш выбару свайго колеру — не чужога. Бо чужы ніколі ня стане нашым, ён ужо нейчы. Кімсьці прысвоены, камусьці належыць. А інстынкт прыватнай уласнасьці, як вядома, — магутны інстынкт, дадзены чалавеку ад Бога. Нікому з жывых істотаў Бог ня даў гэтага інстынкту, апроч чалавека. Людзі сьвету зразумелі гэта даўно, а мы толькі пачынаем разумець цяпер. Колькі ж мы нарабілі памылак на гістарычным шляху да таго разуменьня…

Дык, можа, хоць напрыканцы XX стагодзьдзя перастанем быць дурнямі. Убачым пра сябе праўду. Нават і непрывабную. Праўда ў гісторыі — функцыя адназначная, зь яе робяць урокі. З хлусьні ніякіх урокаў ня зробіш, апроч новай хлусьні.

У гэтай кнізе, як спадзяецца аўтар, — дробныя аскялёпкі нашай вялікай праўды, якія, можа, каму-небудзь спатрэбяцца. Для дабра, зразумела.

Калі тое здарыцца, дык аўтар будзе ўдзячны. Выдаўцам, аднадумцам і чытачам таксама.

Вайна i перамога

Эсэ

Вайна абрынулася на краіну зьнянацку, яе страшныя праявы паўсталі перад людзьмі нечакана і, невядомыя ў ранейшым жыцьці, ашаламілі мільёны. У тым ліку і вайскоўцаў — кадравых камандзіраў ды начальнікаў. Памалу, аднак, людзі пачалі прызвычайвацца да жахлівай ваеннай рэчаіснасьці, неяк мірыцца з уласным бязрадасным лёсам. Стала ўжо зразумела, што вайна не на адзін год, што ваяваць прыйдзецца доўга і трэба прыстасоўвацца да яе экстрэмальных умоваў. Дзесьці на другім годзе вайны на фронце пачаў складвацца імправізаваны франтавы быт. На ўчастках, якія не вялі баявых дзеяньняў і стаялі ў абароне, у людзей паявілася слабая надзея выжыць — калі не да канца вайны, дык хоць бы да канца тыдня, да ранку. I людзі ўладкоўваліся — кожны на месцы, куды яго загнала вайна. Штабісты дружна і арганізавана абжывалі ацалелыя куткі ў спаленых тылавых вёсках, другім-трэцім радам мацавалі накаты камандных ды назіральных пунктаў; артылерысты парадкавалі зямлянкі, ладзілі печы — з жалезных бочак, малочных бітонаў, насьцілалі хвойнікам земляныя нары. Уваход завешваўся плашч-палаткай — гэтым унівэрсальным чырвонаармейскім сродкам, што засьцерагаў ад непагоды і сьцюжы. Немцы ўсю вайну карысталіся цёплымі коўдрамі, мы ж традыцыйна абыходзіліся шыняльком — у баі, на адпачынку, уначы. Пяхота ў завеяных сьнегам ці залітых дажджом траншэях, ратуючыся ад непагадзі, капала лухі-ячэйкі з палічкамі для гранат і патронаў ды абавязковай прыступкай, каб, як прагучыць сыгнал, выскачыць з акопу — у атаку.