Читать «Сьцяна» онлайн - страница 5

Васіль Быкаў

Састарэлы, з вадзяным ахалоджаньнем кулямёт «максім» прычыняў нямала клопату, асабліва ўлетку ды на бязводным поўдні, а з тэкстыльнай стужкай — усюды ў непагадзь. Ручны кулямёт Дзегцярова запомніўся былым кулямётчыкам хіба што празьмернаю для гэтае зброі вагой. Калі на ўзбраеньні нямецкай пяхоты паявіўся кампактны хуткастрэльны МГ-42, нашым батальёнам у атацы не засталося шанцу ацалець пад ягоным шквальным (да 1000 стрэлаў у хвіліну) агнём. Адзін такі кулямёт з удалай пазыцыі за лічаныя хвіліны вынішчаў батальён. Тым, хто ваяваў у пяхоце, дужа помняцца нямецкія мінамёты, ад вэртыкальнага агню якіх не было паратунку ні ў полі, ні ў лесе, ні ў горадзе.

Нашыя страты ў наступленьні былі жахлівымі, найбольшая іх колькасьць, вядома, прыпадала на долю параненых. Лёгкапараненыя з бою выбіраліся самі, цяжкапараненыя нярэдка падоўгу ляжалі ў зоне агню, атрымліваючы новыя раны, а то й паміраючы. Выносіць параненых у тыл не дазвалялася; спробы такога роду кваліфікаваліся як уцёкі з бою. Ведама, дзяўчаты-санінструктаркі завіхаліся, як маглі, але іх было па адной на роту, параненых жа на полі бою заўжды набіралася дзясяткі. Таму выносіць іх не пасьпявалі, параненыя падоўгу чакалі, сьцякаючы крывёй, паміраючы на полі ці па дарозе ў санбат.

Дагэтуль дакладна невядома, каму належыць «геніяльная» ідэя мабілізаваць на вайну жанчын. Здаецца, гэта чыста савецкае наватарства, у нямецкай арміі нічога падобнага не назіралася да канца вайны. Пры ўсёй агульнавядомай бездэфіцытнасьці людзкога (мужчынскага) матэрыялу на вайне, якая патрэба была пасылаць пад агонь маладых, малапрыстасаваных да нягодаў баявога жыцьця дзяўчат? Якая з таго была карьсьць? Хіба каб аздобіць вольны час ды ўладкаваць халасьцяцкі быт старэйшых камандзіраў і палітработнікаў, якія на час вайны засталіся бяз жонак і тылавых сябровак? Па дарозе на фронт шмат якія зь дзяўчат атабарываліся ў штабах, тылавых установах у якасьці сакратарак, мэдсясьцёр, сувязістак, якія на салдацкай мове называліся ППЖ. Тыя ж зь іх, што дабіраліся да палкоў і батальёнаў, не выклікалі да сябе сур'ёзных адносінаў — на чыста мужчынскай працы, якой зьяўляецца вайна, сярод мужчынскіх масаў яны адразу выяўлялі ўсю сваю бездапаможнасьць. Нават дзяўчаты такой катэгорыі, як снайпэры, што ў хвіліны зацішку паміж баямі павінны былі выпаўзаць на пазыцыі бліжэй да праціўніка. Прынята лічыць, што кожны іх снайпэрскі стрэл — гэта забіты немец. На справе ўсё было інакш. Праляжаць, страляючы пад носам у ворага, можна было лічаныя хвіліны, зноў жа кожны дзяўчачы стрэл — зусім не абавязковае пападаньне ў цэль. Але калі на фронце панаваў спакой і нашыя не наступалі, дык снайпэрская актыўнасьць была адзіным паказчыкам баявой актыўнасьці, і камандзіры не скупіліся на лічбы ў справаздачах.