Читать «Байкі жыцьця» онлайн - страница 12

Васіль Быкаў

Па краіне жахліўцаў пайшоў шырокі рух у падтрымку выдатнага пляну таварыша Жаха. На ўсіх гарадзкіх і вясковых скрыжаваньнях былі разьвешаныя партрэты Жаха й ягонай мілай нявесты — цудоўнай, вельмі сэксапільнай маладзіцы ў анфас і профіль, у строгіх вечаровых строях і ў гульлівым бікіні. Людзі з зацікаўленьнем абмяркоўвалі вартасьці таго ды другога, але да згоды не маглі прыйсьці. Звычайна мужчынам падабалася прынцэса, жанчыны ж гарой стаялі за звыклага Жаха, чый жахавіты арліны позірк быў увасабленьнем сапраўднага мужчыны, якія даўно ужо вывеліся ў краіне, і жанчыны дужа сумавалі па ім.

У мастацтве, якое яшчэ трошкі ліпела, запанавалі два стылёвыя напрамкі — стыль згаладнелай фантасмагорыі — гэта калі бясконца апісваліся ці маляваліся шыкоўныя стравы, якія мала хто памятаў у краіне жахліўцаў і якія быццам бы не пераводзіліся ў суседняй дзяржаве, і стыль бясхлебнага рэалізму, па сутнасьці, беспадстаўнага выяўленьня «чарнухі» жыцьця, ягонай бядоты. Першы стыль лічыўся афіцыйным і карыстаўся бязьмернай падтрымкай таварыша Жаха, няблага аплочваўся й даваў магчымасьць творцам кожны дзень есьці з хлебам. За другі ж часам саджалі ў пастарункі, дзе творцы падпісвалі пратаколы й каяліся. Але, выйшаўшы на волю, браліся за ранейшае, бо казалі, што хочуць заставацца вернымі праўдзе жыцьця. Толькі дзе тая праўда й дзе жыцьцё, ніхто зь іх ня ведаў. Прынамсі ў краіне Жаху іх не было. Казалі, шмат было ў краіне-Раі, і таму пісьменьнікі з мастакамі таксама з прагнасьцю чакалі доўгачаканага дзяржаўнага шлюбу.

Між тым, у паўсядзённым жыцьці справа дайшла да апошняй мяжы галечы. Жахліўцы зьелі ўсю жывёлу, нават кароваў. Узімку тых не было чым карміць, бо вынішчылі на корм увесь хвойнік, засталося адно голае альховае суччо, якога жывёла чамусьці не хацела есьці. Лепш здыхала, — мабыць, з неспазнанага каровінага прынцыпу. Людзі былі меней упартыя, елі траву, шчаўе і крапіву й надта суцяшаліся хуткім вясельлем, калі будзе хлеб і да хлеба. Ужо жаніх патурбуецца. Народ цяпер спрэс называўся электаратам, што дужа падабалася старым бабкам у вёсцы. Ведама ж, народ быў нікому не патрэбны, а да электарату калі-нікалі прыяжджалі начальнікі на чорных «Волгах», прывозілі невялікія скрыначкі й ласкава прасілі кінуць туды невялікія аркушыкі з прозьвішчам чарговага начальніка. Бабкі часам дзівіліся, чаму такую справу нельга зрабіць у райцэнтры, але ахвотна кідалі тыя аркушыкі, бо толькі тады начальнікі гаварылі зь імі ласкава й нават казалі дзякуй. Ну й само сабою распавядалі, як добра зажывецца пасьля доўгачаканага шлюбу. Праўда, тыя расповеды часам выклікалі сьлёзы — гэта калі бабкі думалі, што могуць не дажыць да шчасьлівага дня.

І вось, нарэшце, жаданы, шмат разоў адкладзены дзень настаў. На дванаццаці зьнішчальніках-усепагодніках шлюбны картэж узьвіўся ў неба. Праз пэўны час апусьціўся на нейкім ня надта сучасным, амаль захалусным лётнішчы, што стала першым, але ня самым вялікім засмучэньнем жаніха. Наступнымі былі: абдрапаныя фасады сталіцы Дзяржавы-Раю, калдобістыя вуліцы, спрэс злосныя твары людзей у даўжэзных чэргах, — рыхтык, як у ягонай краіне жахліўцаў. Але найбольшы гром-пярун грымнуў у палацы, калі жаніх сам-насам спаткаўся з прынцэсай. Аказалася, што то была зусім не прынцэса, а брыдкога выгляду прынц, яўна вычварнай сэксуальнай арыентаванасьці. З наступнай размовы высьветлілася, што на шлюб ён пагадзіўся з прычыны вялікай крызы, у якой апынулася краіна-Рай, і тым шлюбам меркавалася паправіць становішча ў эканоміцы, геапалітыцы, фінансах, войску, ідэалёгіі, культуры, мэдыцыне, адукацыі, міжнацыянальных і міжканфэсійных дачыненьнях і г.д. Даць жахліўцам ён нічога ня мог, мог толькі ўзяць і цынічна іржаў у напарфумлены твар Жаха, аскаляючы вялікія, пракураныя наркотай зубы.