Читать «Трэцяя ракета» онлайн - страница 22

Васіль Быкаў

У ціхім тылавым шпіталі мне стала лепш. Нагу не аднялі, я супакоіўся, хоць часам хацелася завыць, як у тым лесе. Але дактары былі чужыя, незнаёмыя людзі, ці яны маглі зразумець недарэчныя мае пакуты? Патроху гаілася нага, і я займеў надзею вярнуцца на фронт. Я зрабіўся самым старанным хворым, рабіў усё, што мне раіла медыцына, прымаў усе лекі, нават вітаміны, расходжваў нагу, рэгулярна займаўся лячэбнай гімнастыкай, якой цураліся параненыя. Я ж мусіў яе любіць: мне трэба было вярнуць сабе сілу, трапіць на фронт і сквітацца з ворагам. Быццам дражнячы мае пачуцці, у шпітальнай палаце вісеў плакат з надпісам: «Воін Савецкай Арміі, адпомсці!» Пасля ўсяго, што я перажыў, плакат мне не дадаваў ярасці, я і без яго прагнуў схваткі і не сумняваўся, што, калі толькі дарвуся да жывых немцаў, аб маім подзвігу даведаецца свет.

Сталася трошкі інакш. Калі я трапіў на фронт, войскі спыніліся ў абароне, жыццё на перадавой было сумнае і аднастайнае, але я не траціў надзеі. Я набраўся трывання, зацяў у сабе мой боль і цярпліва чакаў, верачы, што мой час прыйдзе.

І вось цяпер гэтае заўтра!.. Невядома, якое будзе яно, але вельмі хочацца спатоліць свой боль. Хлопцы трошкі турбуюцца, трошкі непакояцца, мне ж завельмі турбавацца аб сабе не выпадае — такую раскошу не дазваляе мой лёс.

Але вось, здаецца, зноў нехта ідзе ад перадавой, — невыразны цень шмыгае ў адным месцы сцежкі, потым у другім. Спакваля становіцца бачнай постаць чалавека — яна хуценька, пэўна, подбегам, шыбуе да нас.

— Стой! Хто ідзе? — прывычна, з франтавою прыціхласцю пытаюся я, калі чалавек набліжаецца, і чакаю.

— Свае, свае, хлопчыкі! — чуецца з месячнага паўзмроку, і ад гэтага водгуку ў мяне ранейшым пакутна-радасным болем заходзіцца сэрца. Я папраўляю дзягу, спражка якой разам з дыскам спаўзла набок, набіраю паветра ў грудзі, крышачку на правае вуха, як у Лёшкі, хілю пілотку, і мае думкі скіроўваюцца ўжо іншым, весялейшым шляхам.

Лёгкай дзявочай хадой, як начная бясшумная птушка, яна неўзабаве падыходзіць да агнявой, мінае акоп. Хлопцы ўраз губляюць задумлівую нерухомасць. Лёшка ўскоквае з долу і імклівай хадой кідаецца насустрач.

— Люсёк! Ужо ўправілася? Малайчына! А мы тут чакалі-чакалі ды ўсе чаканкі паелі, — радаснай балбатнёй сустракае ён дзяўчыну. — Ідзі да мяне. Пасядзім трошкі, памарым пра тое-гэта.

— Не, хлопчыкі, пайду. Няма калі. Добрай вам ночы, — кажа яна, і нешта ў мяне нема і настойліва прагне: застанься, пабудзь. Невядома, чаму мне так хочацца, бо пячэ мяне і другое адчуванне — што не будзе мне ад гэтага радасці, але ўсё роўна я вельмі хачу, каб яна засталася.

— І тое няблага, я правяду цябе! — кажа Лёшка і спрытна падсоўвае пад дзяўчынін локаць сваю руку. Але Люся гэтак жа спрытна адводзіць локаць убок і смяецца. — Калі не супроць, вядома, і так далей. Не супроць жа? Ну, скажы праўду.