Читать «Трэцяя ракета» онлайн - страница 21

Васіль Быкаў

Дарога была звычайная, якія тысячы на зямлі: і не дужа роўная, і не дужа гладкая, але яна вяла на станцыю, якую чамусьці ў тую восень упадабалі для сваіх бандыцкіх спраў немцы. На станцыі яны выгружаліся з вагонаў, платформаў, наладжвалі свае грузавікі, транспарцёры, браневікі і валакліся к фронту. Ішлі нудныя восеньскія дажджы, і варожыя колы прарэзалі на той дарожцы дзве доўгія і глыбокія, па калені, каляіны…

Гэтымі каляінамі мы, шасцёра атрадных разведчыкаў, у глухі змрок вераснёўскае ночы прыйшлі ў вёску.

Што тут нам трэба было, аб тым ведаў наш камандзір Колька Буйневіч, які і прывёў нас да патрэбнае хаты. Пакуль ён там рабіў сваю справу, мы стаялі на варце за хляўком і на гародчыку пад мокрай рабінай. Немцаў у вёсцы, здаецца, не было, вялікая калона іх надвячоркам прайшла па дарозе. Было ветрана, сцюдзёна, восеньская золь пранізвала да касцей. Вёска спала. І ўсё ж знайшліся паганыя людзі, высачылі, данеслі. Мы ж заўважылі кепскае трохі позна.

Якраз пачало світаць. Адстрэльваючыся, мы беглі па агародах, затым па дарозе, паўзлі па тых глыбокіх, як раны, каляінах. Даганяла нас з паўсотні паліцаяў і немцаў. Многія з іх палеглі на вуліцах тае вёскі. Але перапала і нам. Застаўся ў каляіне Вася Шумскі, цяжка параніла Колю Буйневіча, усадзілі кулю ў сцягно і мне. Хлопцы вывалаклі нас на пагорак і прытаіліся пад вялізным валуном збоч ад дарогі. Думалі, ён будзе нашым помнікам. Але ворагі чамусь не пабеглі за намі, а, пастраляўшы, вярнуліся ў вёску.

Патронаў у нас было мала, і ісці далей не было як. Наўкола ляжаў шырокі адкрыты прасцяг, да лесу было далёка. І мы ляжалі пад каменем, чакаючы, што будзе далей.

І дачакаліся горшага, чым калі б загінулі ўсе.

Апоўдні немцы і паліцыі пачалі выганяць жыхароў вёскі на гэтую дарогу. Выганялі ўсіх — дарослых і малых, жанчын і дзяцей. На ўскраіне ўсіх строілі ў дзве доўгія, нібы чэргі, калоны. Затым пачалі класці ў каляіны. Над дарогай усчаўся лямант, забухалі стрэлы. Людзі нехаця, адчуваючы нешта страшнае, клаліся ў гразь і ваду.

На тым канцы вёскі пад'язджалі і спыняліся машыны, бронетраспарцёры і ўсюдыходы.

Праз гадзіну пачалося жахлівае.

Калона машын рушыла па дарозе. Па тых самых каляінах, дзе ляжалі людзі…

Гэтага забыць нельга. Мы то настаўлялі, то зноў хавалі свае аўтаматы — было далекавата, ды і што мы маглі зрабіць з нашай паўсотняй патронаў? Мы толькі глядзелі. Побач паміраў Колька Буйневіч, сцякала крывёю дрэнна перавязаная мая нага. Сыпаў дробненькі дождж…

Затым гарэла вёска. Раўлі не выгнаныя на пашу каровы, кудахталі куры, вішчалі свінні. У полі наўкол пажарышча бегалі ашалелыя авечкі, трашчалі аўтаматныя стрэлы.

Увечары хлопцы перанеслі нас цераз поле і дабраліся да лесу. Буйневіча там закапалі.

…З таго дня пачаліся мае пакуты. Я думаў, здурнею ад болю і бездапаможнасці, бяссільнае ярасці, што туманіла маю свядомасць. Зубамі я шматаў ноччу ватоўку ў лагерным шпіталі, удзень сварыўся з доктарам Фрумкіным, які хацеў мне адрэзаць нагу. Я тады стаў лаяцца, нізавошта крыўдзіў сястру і таварышаў. Я хацеў сілы, дужасці, каб устаць і ўзяць аўтамат, але сілы было вельмі мала, а нестрываны боль у назе прымушаў выць. Тады я рашыў памерці, і як найхутчэй. Я не еў, выплёўваў лякарствы, не даваў рабіць уколы. Доктар, напэўна, спалохаўся за маю нагу, а яшчэ болей — за розум і адправіў мяне на аэрадром.