Читать «Мёртвым не баліць» онлайн - страница 2

Васіль Быкаў

Хлопец тым часам паводзіць сябе так, быццам болей мяне не заўважае. Усе ягоныя эмоцыі схаваны пад маскай халаднаватай замкнёнасці. Але я адчуваю: у яго да мяне прыязнасць. Толькі ён прытрымлівае яе. Таксама як і цікаўнасць. Чамусьці ў адносінах між мужчынамі так прынята. Нібы выказаць свае пачуцці — слабасць.

А мне хлопец чымсь падабаецца. Можа, менавіта вось гэтай незалежнай замкнёнасцю, якая заўжды прымушае падазраваць глыбіню і змястоўнасць. Хоць у маладосці, пэўна, болей вабіць адкрытасць. Глыбіня і характар прыходзяць з гадамі, а маладых аздабляе шчырасць. У гэтага ж засяроджаны, не дужа схільны да шчырасці позірк. Зграбная свежая канадка на галаве. На лацкане стракатага пінжака сіні эмалевы ромбік. Вядома, тэхнічная ВНУ. Відаць, нейкі інжынер, прыехаў здалёку па справах вытворчасці. Што ў ягоным жыцці? Напэўна, маладая жонка, малое дзіцё. Стандартная малагабарытная кватэра дзе-небудзь у новым квартале. I, вядома, найцікавейшая ў свеце галіна — электроніка або радыётэхніка. Цяпер гэта сфера захаплення многіх. На жаль, мы ў такім узросце займаліся іншым. Зрэшты, таму і засталіся ў жыцці недавучкамі. Але што зробіш: іншы быў час. Свет ваяваў. Кожны мужчына мераў свае вартасці салдацкаю мерай. Артылерыя, танкі, авіяцыя — думалася, гэта надоўга. Колькі яны адабралі сілы, замарозілі здольнасцей…

Хлопец, мабыць, заўважае мой позірк і маю да яго стоеную цікавасць. Далей маўчаць нам ужо і няёмка. Ён дастае з кішэні пачак «Шыпкі» і лёгкім прывычным рухам пасоўвае да мяне.

— Курыце?

— Не, дзякуй.

— Кінулі ці не пачыналі?

— Некалі пачынаў. Ды раненне перашкодзіла.

З секунднай няўцямнасцю ён пазірае на мае ногі, затым болей працяглым позіркам акідвае грудзі. Я разумею яго недаўменне: якая сувязь — нага і курыва? Але ці варта казаць яшчэ і пра раненне ў грудзі, якое ледзьве не абярнулася для мяне фіналам. Да таго ж хлопец, напэўна, чакае ўбачыць на маім борце планкі ўзнагарод. Вядома, ён адукаваны чалавек, нямала начытаўся пра вайну і гатовы бачыць ва мне героя. Мусіць, таму, што дужа ўжо шмат разоў даводзілася тлумачыць усе гэта, цяпер я маўчу. Хлопец прыкурвае цыгарэту і крута паварочваецца ў крэсле. Ля адміністратара пачынаецца нейкае ажыўленне. Ці не з’явілася што?

Не, здаецца, трывога марная. У чаргу доўгацярплівых кандыдатаў у начлежнікі спрабуе ўлезці нейкі прастадушны дзядзька. Ён у новай ватоўцы, з вялізным чамаданам-куфрам і поўнаю сеткай батонаў. Напэўна, з вёскі. Станавіцца ў хвост чаргі дзядзьку няма ахвоты, і ён плячом і локцем спрабуе зашчаміцца між таўстуном з пакетам пад пахай і чалавекам у скураной куртцы. Таўстун спознена ўзнімае трывогу.