Читать «Мёртвым не баліць» онлайн - страница 6

Васіль Быкаў

— Безабразіе!

— Мы кнігу скаргаў патрабуем.

— Хамства — так паступаць…

Асабліва абураецца адзін. Здаецца, яму ледзьве не дасталося месца. Цяпер ён соўгае на галаве зялёны вялюравы капялюш і сярдзіта круціцца ля бар’ера. Шырока разлятаюцца доўгія полы ягонага габардзінавага паліто.

— Безабразіе! Нахабства!

Сунуўшы рукі ў кішэні, ён нервова адварочваецца ад бар’ера і сустракаецца са мной позіркам. I раптам у маіх вачах здрыгаецца гарачы тлумны туман. Незразумелая нервовая хваля жарам абдае мяне да пят. Тугі ўдар звону ў вушах ураз адкідвае ў мінулае. У свядомасці маланкай мільгае адно толькі слова — «Сахно». Не, я не ўспомніў гэтага чалавека, проста я ніколі яго не забываў. I цяпер вось ён, — за пяць крокаў ад мяне, — трошкі азызлы з твару, брывасты і па-ранейшаму пагрозліва рашучы. На галаве нядбайна надзеты капялюш. Габардзінавае паліто не зашпілена і нізка абвісла поламі. На жоўтых чаравіках ляжаць светлыя калашыны штаноў. «Шыракаватыя», — заўважаю я зусім недарэчы. Акінуўшы мяне імгненным няўцямным позіркам, ён паварочваецца да бар’ера.

Закасцянелыя на імгненне суставы мае расслабляюцца, і я абнікаю ў крэсле. Рэшткамі падкантрольнай сваёй свядомасці адзначаю, што разгубіўся. Ніколі не думаў, што можна гэтак спасаваць перад ім. Колькі разоў за гэтыя гады ўяўляў сваю з ім сустрэчу, свае гнеўныя словы… I вось!.. Калі б ён цяпер падышоў і ўдарыў мяне, я, мусіць, не знайшоў бы, як адказаць. Бывае, што нахабства паралізуе. Мяне паралізаваў адзін яго выгляд.

Аднак у наступную хвіліну я ўсё ж ускокваю з крэсла. Рып… рып… Пракляты пратэз! Цяпер ён мне замінае. Цяпер мне патрэбны жалезныя ногі. I сталёвыя кулакі. Мусіць, на маім твары адбіваецца штосьці нядобрае. Двое ля чаргі з гатоўнасцю расступаюцца, і я бокам прысланяюся да бар’ера. Ля яго, побач. Безуважны да мяне, ён гнеўна даводзіць адміністратару:

— Я за тысячу кіламетраў прыехаў. Дзе я начаваць павінен? Скажыце, дзе?

— Гэта не мая справа.

— А чыя ж тады справа? Для чаго тады вы тут седзіцё? — ён рэзка адварочваецца ад бар’ера: яму патрэбен саюзнік. — Чулі, не яе справа?.. Во логіка!

Але мой выгляд, мусіць, яго ахалоджвае. Ён скідае капялюш і далонню выцірае ўзмакрэлую стужку падкладкі. Я адзічэла гляджу ў яго раззлаваныя вочы, і гарачая хваля ў маім нутры памалу астывае. Я пазнаю яго і не пазнаю. Чорт, няўжо я памыляюся? Ён трохі нават з жывоцікам і даволі-такі лысаваты. Той быў з выдатнай страявой выпраўкай і з чорнай жорсткай чупрынай на галаве. Вочы нахабныя і падпухлыя — мусіць, хворыя ныркі. Рост… Рост, мабыць, той жа. Толькі гэты таўсцейшы.

Але ж мінула дваццаць гадоў…

Адолеўшы нейкае нутраное зняменне, я адыходжу. У канцы бар’ера, воддаль ад усіх, аблягаюся на локаць. Збянтэжанасць мая пакрысе мінаецца. 3-пад ілба я неадрыўна назіраю за ім. Ён ці не ён? Я трохі баюся, каб ён не пазнаў мяне. Тады ён напэўна знікне. Хоць пазнаць мяне не так лёгка. У той час я быў амаль хлопчык. Дзевятнаццацігадовы малодшы лейтэнант. Да таго ж для яго я — забіты.