Читать «Спеў аб Гаяваце» онлайн
Гэнры Лангфэла
Гэнры Лангфэла
Спеў аб Гаяваце
Ад перакладчыка
Паэма Генры Лангфэла «Спеў аб Гаяваце» па праву займае выдатнае месца сярод здабыткаў сусветнай паэзіі. З часу свайго з'яўлення (1855 г.) і да нашых дзён яна здзіўляе чытача магутнасцю паэтычных малюнкаў, свежасцю вобразаў, глыбінёй думкі.
Пабудаваная на аснове індзейскіх паданняў і легенд, глыбока народная па сваёй сутнасці, паэма ўваскрашае перад чытачамі светаўспрыманне першабытнага чалавека з яго амаль дзіцячай непасрэднасцю, шчырасцю і высакароднасцю, жыццём і працай сярод вялікаснай нерушы навакольнай прыроды. Менавіта ў непасрэднасці светаўспрымання і светаадчування адзін з сакрэтаў паэтычнасці гэтай паэмы. Але не толькі ў гэтым яе вартасць. «Спеў аб Гаяваце» — гэта песня аб чалавечнасці, страсны заклік паэта да міру, да братэрства і дружбы паміж народамі.
Напісаная аб тым гістарычным часе, калі жыхары Еўропы ўпершыню ступілі на бераг Паўночнай Амерыкі, паэма не пазбаўлена трывогі за лёс індзейцаў, што апынуліся на мяжы першабытнага і капіталістычнага ладу і трапілі ў поўную залежнасць ад новых, не зразумелых ім грамадскіх сіл. Некалі карэнныя жыхары Паўночнай Амерыкі, загнаныя на горшыя землі, асуджаныя на выміранне, індзейцы ў наш час гінуць у рэзервацыях ад голаду і холаду. Ці не гэтую трагедыю старажытнага народа меў на ўвазе Лангфэла, калі, вуснамі Гаяваты, героя сваёй эпапеі, выказаў такое прадбачанне:
Там свайго народу рэшткі Бачыў я, што варты жалю, Як сухое лісце ўвосень, Бурай гнанае на захад. «Спеў аб Гаяваце» перакладзены на многія мовы і даўно ўжо здабыў сусветную славу непаўторнага, арыгінальнага твора. Перакладаючы гэты твор з англійскай мовы на беларускую, я імкнуўся, у меру сваёй здольнасці, захаваць не толькі змест славутай эпапеі, але і яе форму, строгі рытм, паўторы, народны каларыт, багацце і дакладнасць вобразаў. У паэме сустракаюцца індзейскія словы, выразы, якія, як і ў арыгінале, тлумачацца ў тэксце. Напрыклад: «Вава, гусь», «Чапля шызая, Шух-шух-га», «Іза, іза! Сорам, сорам!» і г. д.
Прапануючы пераклад «Спеву аб Гаяваце», буду вельмі задаволены, калі гэтая мая паэтычная спроба знойдзе прыхільны водгук у беларускага чытача.
Уступ
Вы спытаеце: дзе ўзяты Казкі гэтыя, паданні? Дзе народжаны легенды З іх лясным духмяным пахам, З халадком лугоў вільготных, З мірным дымам над вігвамам, З рэк імклівасцю і гулам Стогалосым, што падобны Да грымот з іх горным рэхам? Я скажу, я адкажу вам: «У лясах, палях раздольных, Ля азёр Зямлі Паўночнай, На зямлі Аджыбуэяў, На прыстанішчах Дакотаў, На палянах верасовых, На балоце, дзе пасецца Чапля шызая, Шух-шух-га. Казкі гэтыя, паданні Чуў я з вуснаў Навадагі — Мілагучнага музыкі». Дзе, спытаеце, знайшоў іх, Песні гэтыя, легенды, Мілагучны Навадага,— Я скажу, я адкажу вам: «У лясных птушыных гнёздах, У баброў таемных сховах, У цяжкіх слядах бізонаў, У арліных уладаннях. На тарфянішчы маркотным, На балоце непралазным Іх яму спявалі птушкі: Манг, чырок, гусь Вава, чапля Шызакрылая Шух-шух-га, Чытавейк, зуёк, глушыца Мушкадаза і гагара». А каб вы яшчэ спыталі: «Хто такі ён, Навадага? Раскажы нам пра музыку»,— Гэтак я на запытанне Адказаў бы вам адразу: «У даліне Тавазента, На лугоў улонні ціхім, Каля шпаркіх рэк гуллівых Жыў музыка Навадага. За паселішчам індзейскім, Дзе ён жыў, шумелі нівы, Там стаяў, зялёны — летам, А зімой — адзеты ў іней, Бор вячысты, што заўсёды Уяттыкаў, спяваў, шаптаўся. Вілаваты след рачулак Быў прыкметны на даліне Па паводках іх — вясною, Па алешынах — улетку, Па туманнай плыні — ўвосень, А зімой — па стужках чорных. Там і жыў ён, Навадага, У даліне Тавазента На лугоў улонні ціхім. Там спяваў аб Гаяваце, Аб ягоным нараджэнні, Аб яго жыцці дзівосным: Як пасціў ён і маліўся, Як рабіўся паступова Змагаром за лёс народа, За яго дабро і шчасце». Вам, хто любіць луг зялёны, Дол, заліты ззяннем сонца, Змрок лясны, і шэпты лісця, I дажджы, і завірухі, і нястрымныя патокі Сярод пушчы першароднай, I грымотаў горных рэха, Што падобна на арліных Крылаў лопанне глухое,— Прапаную я паслухаць Старажыгныя паданні, Гэты Спеў аб ГаявацеІ Вам, хто любіць слухаць казкі, Галасы легенд далёкіх, Тых, якія запрашаюць Нас спыніцца на хвіліну, Што гучаць так непасрэдна, Ціха так, што не адрозніць — Гукі гэта альбо словы, — Прапаную я легенду, Гэты Спеў аб Гаяваце! Вам, хто сэрцам першародным Верыць богу і прыродзе, Шчыра ўпэўнены, што людзі Быць заўжды людзьмі павінны, Лічыць, што і ў жорсткім сэрцы Абудзіцца можа прага Да дабра і спраў карысных, Што слабыя і сляпыя Праўду вобмацкам знаходзяць У глухой адвечнай цемры Іх цяжкога існавання,— Прапаную прастадушна Гэты Спеў аб Гаяваце! Вы, хто іншы раз блукае Па даўно забытых сцежках, Дзе да змрочнай агарожы, Што ад часу заімшэла, Барбарыс прыпаў чырвоны; Хто схіляецца з увагай Над магільнаю плітою, Разглядае, сцёрты часам, Верш няўмелы, надпіс просты, Але поўны шкадавання, Веры чыстай і развагі Аб Мінулым і Наступным,— Прыпыніцеся, чытайце Гэты надпіс мой няхітры, Гэты Спеў аб Гаяваце!