Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 3

Іван Мележ

Глушакі збіраліся ехаць з двара, калі сонца толькі пачало выплішчвацца з-за цёмнага лесу. Усё ужо было гатова, можна было б выпраўляцца, i Глушак недавольна паглядваў на хату, дзе невядома чаго яшчэ корпалася Ганна, а з ёй i старая.

— Ідзі скажы — жджэм! — як загад прасіпеў ён Яўхіму.

Той ужо ступіў к хаце, калі Ганна ўслед за старой, што адчыніла дзверы, паявілася на парозе. Ганна туліла да грудзей спавітае дзіця, хіліла да яго чарнявую галаву, на пасме якой паблісквала сонца. Асцярожна, не падымаючы галавы, саступіла з ганка, ля калёс стала: камусьці трэба даць малое, пакуль сядзе сама.

— Падзяржы, — сказала Яўхіму, што быў поруч. Папярэдзіла: — Асцярожно — спіць!..

Уладзіўшыся на сене наперадзе, узяла калыску, якую прынесла раней, паклала на калені сабе, забрала ад Яўхіма малое; пяшчотна паклала ў калыску: так, пэўне, лепей будзе.

— Ну, можа, ужэ можно ехаць? — не стрымаў недавольнасці сваёй стары.

Яна нібы i не пачула; з пяшчотнай усмешкай, што не прападала з вачэй, з губ, неяк няцямна зірнула, упершыню заўважыла: раніца якая вясёлая! Ноччу быў дождж, доўгі, здавалася, бясконцы, а ранак — аж зіхціць. Толькі i знаку ад начнога дажджу: вясёлыя канаўкі пад стрэхамі ды лужыны сярод вуліцы.

З той жа ціхай пяшчотай, увесь час бачачы i чуючы малую, як бы толькі ад звычкі глядзела на вуліцу, на двары, на людзей: усе збіраліся на балота. Вунь Зайчык, акружаны мітуслівай хеўрай сваіх старэйшых, запрагае небараку сівага; вось Сарока з сынам — хлопец, драбнаваты, але ў сіле ўжо, памочнік, нясе з хаты барылца; вось Андрэй Руды з жонкаю… Двор за дваром ішлі перад вачыма, Ганна ківалася ціха з калёсамі, глядзела як праз туман пяшчоты. Толькі як пад’ехалі пад край сяла, пачула неспакой, адвярнулася, нахілілася над малой. Але i не гледзячы, дзіўна чула, як набліжаецца ён, Васілёў двор, Васіль; не падымаючы вачэй, убачыла, як двор той падышоў, убачыла, што вароты адчыняюць, што адчыняе ix Валодзька; што Васіль сам ідзе па нешта к павеці; што Маня яго нешта ладуе ў возе. Нічога асаблівага не надумала, толькі i прайшло ў думках, што — вось-вось таксама выедуць; але ўсярэдзіне ўсё ж штосьці, чула, як бы замутнела. З гэтым неспакоем глядзела i на колішні свой двор, дзе бацька запрагаў каня, а мачыха карміла парасят, i на палоскі зялёнага жыта i першых парасткаў картоплі.

Каля чорнага крыжа Глушак, а з ім i старая, i ўсе, хто сядзеў у возе, перахрысціліся. Ганна перахрысціла i сябе i малую, якая ўсё хораша, салодка спала ў сваёй пасцельцы. Ганна такая радая была гэтаму сну малой, што толькі i клапацілася, каб не разбудзіў які штуршок; калі дарога станавілася няроўнай, брала калыску на рукі i трымала, пакуль калёсы зноў не пачыналі каціцца мякка…