Читать «Подых навальніцы» онлайн - страница 2
Іван Мележ
Ішлі няспынна дні, няспынна вялі клопаты — не хацелі зважаць ні на што. Да таго ж i чуцця да згрызот было не лішне. Жыццё кожнаму шчодра адсыпала, калі не штомесяц, то, ва ўсякім разе, штогод, даволі рознай бяды…
Мудрай разважнасці людзей былі разам i іншага парадку прычыны. Блізка былі вялікія хваляванні, якія добра помніліся i якія многа значылі ў людскім разуменні быцця, у самім ix быцці.
Да гэтага лета ў куранёўскія турботы ўвайшло, што далей, то ўсё мацней, яшчэ адно вялікае хваляванне. Пачаўшыся некалькі гадоў таму з усякіх не вельмі пэўных, хоць i трывожлівых чутак i гаворак, яно вярэдзіла цяпер куранёўскія хаты адчуваннем наступу няўхільных, небывалых перамен, якія рабілі ўсё заўтрашняе нетрывалым. Якія гразіліся ўсяму звыкламу, цвёрдаму, выпрабаванаму…
Потым ужо, з гадамі, з мудрай далечы, людзі не раз прыгадвалі гэтае лета. Тады ж нікому не думалася, што дням гэтым суджана запомніцца, надоўга асесці ў людской памяці. У людзей тут не было ні часу, ні звычкі на пустое думанне, ды i запомніліся гэтыя дні не так па сабе, як тымі восенню i зімой, што ішлі за імі. З часам восень i зіма як бы кінулі i на гэтае лета свой водсвет, далі адметнасці.
Праўда: што i ў гэтае лета людзі — няхай не ўсе i найбольш цьмяна — чулі не такі далёкі подых той помнай восені i зімы. Але i тое праўда — калі глядзець збоку: лета ішло, як усе леты. Усё было, здавапася, як заўсёды. Усё было, здавалася, звычайнае, будзённае, наладжанае.
Звычайныя былі раніцы i вечары, звычайныя, заўсёдныя — учарнелыя хаты i гумны, заўсёдныя — ззелянелыя, у векавечных струпах моху, стрэхі. Нічым не адметная вуліца з рудым пылам ды каровячымі бебахамі, нязменныя агароды з гурочнікам ды кіяхамі, нязменныя загуменні з трухою леташняй саломы; звычайныя палі-загоны са звычайнай зелянінай; звычайны лес навокал, звычайныя балоты — i тыя, што за агародам, i тыя, што за лесам.
Звычайнае, здавалася, было лета. Яшчэ адно лета, адно з многіх, якія ўжо зведалі ў спрадвечным клопаце Курані. Яшчэ адно на доўгай, няспыннай дарозе, каляіны якой выразаны вякамі і, здавалася, на вякі.
2
У звычайны час прыйшла пара касавіцы. У адну раніцу, яшчэ халаднаватым поцемкам, Курані ўзварушыліся, захадзіліся адным клопатам — на балота, касіць! У кожным двары выцягвалі косы, граблі, ладавалі ў вазы; налівалі свежай вадой біклагі, зносілі да калёс — у клунках, у торбах, у кошыках — хлеб, сала, гуркі, цыбулю; у кожным двары, ля кожных калёс завіхаліся старыя i маладыя, мужчыны i жанкі, кожны двор поўны быў руху i гоману; нават коні, здавалася, разумелі — прыйшоў зноў вялікі дзень касавіцы!