Читать «Нарач» онлайн

Максим Танк

Максім Танк

Нарач

Прадспеў

Прыйдзем яшчэ, вёска, твае песняры, Не з торбамі песень жабрачных, — Смыком серабраным на струнах зары Табе заіграем іначай. Прысядзем ля прызбы, на новы парог, З вясёлым і ясным абліччам, Вярнуўшыся з дальніх этапных дарог, Хоць шмат каго з нас недалічым… Ты звесіш чупрыну саломенных стрэх Пад песні, шум цёмнага бору, I выплывуць зоры на сіні начлег, На сінія хвалі азёраў, Закінуць свой невад узорны на дно, У ціхія Нарачы тоні, Дзе месяца толькі сталёвы нарог, Затоплены бураю, звоніць. I ўбачым тады, як радзімы прастор, I песню, што просіцца з сэрца, I струны жывыя пялёсткамі зор Асыпле кастрычніцкі вецер; I знікнуць туманы з дарог-каляін, Зара чырвань-хустку накіне На грэбень сасновых густых верхавін, На плечы этапнай краіны. Прыйдзем яшчэ, вёска, твае песняры, Не з торбамі песень жабрачых, — Смыком серабраным на струнах зары Табе заіграем іначай.

Частка першая

І

Гэта было ў тую ноч, Як расцвілі верасы, Як расцвілі у бары Ў ззянні асенняй расы. Сетку Тацяна пляла. Нарачы хвалі гулі. Пад аднастайны іх спеў Сумныя думы плылі. «Бацька рыбачыць даўно. Можа, навеяла што З ветрам у човен яго Чорная Нарачы тонь?» Гэта было ў тую ноч, Як расцвілі верасы, Як расцвілі у бары Ў ззянні асенняй расы. «Горкая доля мая, Доля дачкі рыбака: Вечна з цямна да цямна З невадам шчасця шукаць, Вечна між хваль выглядаць Светлых, спагадлівых зор Ці парабчанкай хадзіць Ў панскі, асадніцкі двор…» Гэта было ў тую ноч, Як расцвілі верасы, Як расцвілі у бары Ў ззянні асенняй расы.

2

Не раз здавалася Тацяне, Што нехта ходзіць ля паркана I ля акон рыбацкіх хатаў… З вярбой самотнай, расахатай Абняўся месяц ля затокі, I недзе за сялом далёка Начлежнай песні блудзіць рэха: Знаёмым перазвонам, смехам Яно на шыр прастораў кліча, Дзе звоняць медныя іржышчы I гладзь крыштальная азёраў, Дзе мые ноч каралі-зоры. Усюды ціха. Толькі думы Асенні сон цалуе, цешыць, Ды сетку сінюю без шуму Ў трысці давязвае месяц. ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ Не раз я за муром астрожным Па родных гонях сумаваў, Па тых бярозах прыдарожных, Што на этапах сустракаў. Не раз я думаў: як вярнуся Дамоў, на волю, зноў прайду Па нівах, сёлах Беларусі І пад дзяругаю астрожнай Шмат прынясу напеваў-дум. Я іх рассею па дарогах, Па курганах маіх братоў, Яны ўскалосяцца на полі Сярод жытнёвых каласоў. Іх зрэжа некалі машына, — Ў стальныя звонкія цапы Падасць іх весела дзяўчына, Сны-песні, зжатыя ў снапы.