Читать «Казка пра Музыку» онлайн - страница 3

Максим Танк

Частка чацьвёртая

Да ўсходу сонца ўстаў Музыка. Ў сэрцы непакой і скруха. Хутчэй сяброў паведаміў ён Аб тым, што ў выраі падслухаў. Рашылі: трэба секчы сосны, Хутчэй зьбіваць вялікі плыт, I хоць бы леты, зімы, вёсны, I на далёкі востраў плыць! Шуміць бор цёмны, уздыхае, Кіпіць работа, звон удараў. Гатова мачта смаляная, На ёй з кашулі белы парус. I толькі збуджанае сонца Праменьні кінула над логам, — Плыт ціха па марской затоцы Крануўся ў дальнюю дарогу. Вяслуюць, але толку мала: Прачнуўся раньні вецер шэры, Насустрач гоніць вал за валам I зноў варочае на бераг. — Зацяжак плыт, — Асілак кажа, — Хай едзе Вяль адзін з Музыкам, Каб не зьмяла іх бура часам, Няхай сябе прывяжуць лыкам. А сам пайшоў на бераг з братам, Дзе леглі на пясчаны ўзгорак I проста ў твар вятроў кудлатых Дзьмуць пачалі на сіне мора. I мора грозна застагнала, I мора грозна загрымела, Як горы, ўсьпененыя хвалі Панесьлі плыт на грывах белых… Мінаюць дні, то ў моры тонуць, То зьзяюць зноў агнём зары. Глядзіць Музыка зь Вялем ў тоні I на каралы, і на рыб; На груды пэрлаў і каменьня, На вадаростаў сьвет багаты I на затопленыя лодкі Купцоў, ваякаў і піратаў. Над галавой, пад аблакамі, Арол ляціць з ахрыплым клічам: Мо’ ён спрачаецца зь вятрамі Ці ўбачыў сьвежую здабычу? Ды адлятае без абеду За вадзяныя горы-хвалі, I толькі доўга яго сьледам Глядзяць сябры — Музыка зь Вялем… Гаворыць Вяль: — Здаецца, востраў Відаць, а можа, гэта сон? Сьцяной залочанай і вострай Абнесены з усіх бакоў. Калі наблізіліся, бачаць: Зусім нязнаны край зямлі; Куды ні глянь — дамы, палацы, А ў порце — мачты, караблі. Шуміць натоўп, шуміць, сьмяецца; Па цэлым беразе пакатым Вясельле хмельнае ліецца, — Відаць, што цар спраўляе сьвята. Сядзіць сам высака на троне, Сем чалавек трымаюць бруха, Ў брыльянтах, янтарах карона Цяжкая зьехала на вуха. А слугі сьпераду і ззаду — Кругом стаяць напагатове, Каб выпаўняць цара загады. На лавах, на сталах дубовых Нямала мёду, рыбы сьвежай, Хлябоў, зьвяроў і птушак дзікіх З глыбінь Палесься, зь Белавежы… Аж не надзівіцца Музыка!.. Гаворыць цар: — Пара сягоньня Гасьцей маіх павесяліць… I вось з паклонамі да трона Падходзяць царскія паслы. — Зайграем, — кажуць яны, — тое, Што самі гукі запяюць… Аж анямеў Музыка з болю, Жалейку ўбачыўшы сваю… На цэлым беразе ўсё змоўкла; Застыла цішыня нямая. Ды не чуваць чароўных тонаў… Маўчыць жалейка, не іграе. Цар узлаваўся: — Вось дык штуку Прынесьлі мне з чужога краю! Няўжо ж ніхто ня збудзіць гукаў, Ніхто на ёй не заіграе? Маўчаць. Спусьцілі ўсе галовы, I, калі цар другі раз клікаў, Наперад у лапцях лазовых З кійком праціснуўся Музыка. Узяў жалейку і шчасьлівы Яе абцёр крысом ад пылу… На ўсе лады і пералівы Яна ў яго загаварыла: То звонам жаваранка ў жыце, То салаўіным сьвістам чулым, Трывожнай кнігаўкай ў ракіце I ў лесе шэраю зязюляй. Пазьней зайграў, як жнеі пелі, Як вецер шапацеў саломай, Сівыя хвалі Нёмну пеніў, I абарваў акордам грому… А рэха ўсё яшчэ іграла І толькі змоўкла ў нэтрах бору Тады, калі Музыка зь Вялем Дабеглі ўжо да сіня мора. Схапіўся цар: — Хутчэй вярніце, Пагоню шліце за пагоняй!.. Ды белай чайкаю ў блакіце З кашулі белы парус тоне.