Читать «Нябожчыкава люстэрка» онлайн - страница 9
Агата Кристи
Пуаро кіўнуў. Потым сказаў:
— Як я зразумеў, вы сапраўды чулі стрэл, якім быў забіты ваш дзядзька?
— Так, мы чулі. Думалі, гэта быў корак ад шампанскага; прынамсі, я так падумаў. Сьюзен і міс Лінгард лічылі, што гэта была зваротная ўспышка аўтамабіля — дарога зусім блізка, ведаеце.
— Калі гэта было?
— Ну, прыблізна ў дзесяць хвілін дзевятай. Снэл якраз першы раз ударыў у гонг.
— І дзе вы былі, калі пачулі яго?
— У зале. Мы — мы смяяліся наконт гэтага, спрачаліся, разумееце, пра тое, адкуль гэты гук. Я сказаў, што са сталовай, а Сьюзен сказала, што з гасцінай, а міс Лінгард — што грукнула недзе ўгары, а Снэл сказаў — гэта з дарогі, з вуліцы, і даляцеў да нас праз вокны наверсе. А Сьюзен спыталася: «Больш ніякіх тэорый?» А я засмяяўся і сказаў: «Забойствы бываюць заўсёды!» Даволі дурны жарт, як падумаеш.
Яго твар нервова перасмыкнуўся.
— Нікому не прыйшла думка, што гэта, магчыма, застрэліўся сэр Гервазы?
— Не, вядома, не.
— Вы сапраўды не ўяўляеце сабе, чаму ён мог застрэліцца?
Х'юга павольна сказаў:
— О, ну… Я не сказаў бы, што…
— У вас ёсць здагадка?
— Але… ёсць… Гэта цяжка растлумачыць. Вядома, я не чакаў, што ён скончыць жыццё самагубствам, але тым не менш я не надта здзіўлены. Бо мой дзядзька быў вар'ят, містэр Пуаро. Кожны ведаў пра тое.
— Гэта здаецца вам дастатковым тлумачэннем?
— Угу, людзі страляюцца, калі яны трохі звіхнутыя.
— Надзіва простае тлумачэнне.
Х'юга ўтаропіўся ў яго.
Пуаро зноў устаў і пачаў бязмэтна блукаць па пакоі. Пакой быў утульна мэбліраваны, пераважаў цяжкаваты віктарыянскі стыль. Масіўныя кніжныя шафы, вялізныя крэслы з поручнямі і некалькі меншых — сапраўдны чыпендэйл. Тут не было лішняй аздобы, але невялікія вырабы з бронзы на каміне прыцягнулі ўвагу Пуаро і відавочна выклікалі ў яго захапленне. Ён падымаў іх адзін за адным, старанна аглядаў кожны і асцярожна ставіў на месца. З аднаго, крайняга злева, ён скалупнуў нешта пазногцем.
— Што гэта? — спытаўся Х'юга без вялікай цікавасці.
— Нічога асаблівага. Маленечкі асколак люстра.
Х'юга сказаў:
— Сапраўды неяк дзіўна раструшчана куляй гэтае люстра. Разбітае люстра азначае нешанцаванне. Бедны стары Гервазы… Я думаю, яму шанцавала залішне доўга.
— Ваш дзядзька быў шчаслівы чалавек?
Х'юга хіхікнуў.
— Дзіва што, яму шанцавала, як у казцы! Усё, да чаго ён ні дакранаўся, ператваралася ў золата! Калі ён ставіў на аўтсайдэра, той раз-два і ў дамках! Калі ён укладаў грошы ў самую бесперспектыўную шахту, там адразу ж адкрывалася рудная жыла! Яму ўдавалася выблытацца неверагодным шляхам з самага рызыкоўнага, самага безнадзейнага становішча. Ён ратаваўся нейкім цудам, нават не раз. Ведаеце, ён быў па-свойму неблагі стары. «Шмат дзе пабыў, шмат чаго пабачыў», — болей, чым хто з яго пакалення.
Пуаро запытаўся сяброўскім тонам:
— Вы любілі свайго дзядзьку, містэр Трэнт?