Читать «Планета малпаў» онлайн - страница 9
Пьер Буль
Было ўжо так горача, а вада выглядала так спакушальна, што мы з Левэнам адразу ж падумалі пра адно і тое ж. Скінуўшы адзежу, мы хацелі былі нырнуць у возера ўніз галавою, але прафесар сказаў, што, апусціўшыся колькі хвілін назад на невядомую планету, варта дзейнічаць больш асцярожна. А што, калі гэта не вада, а якаясь іншая вадкасць, можа, нават ядавітая? Ён сам наблізіўся да берага, сеў на кукішкі, прыгледзеўся, прынюхаўся і толькі тады акунуў у возера палец. Потым зачарпнуў троху падазронай вадкасці ў далонь і пакаштаваў яе нарэшце на смак кончыкам языка.
— Напэўна, вада, — прамармытаў Антэль.
Ён нахіліўся ўперад, каб яшчэ раз апусціць руку ў возера, і раптам бы скамянеў. Пасля ўскрыкнуў і паказаў пальцам на след на пяску. Большага ўзрушэння я, здаецца, не адчуваў ніколі! Над нашымі галовамі палала агромністая Бетэльгейзе, а на вузкім лапіку сырога пяску абсалютна выразна вымалёўваўся след чалавечай нагі.
Раздзел V
— След жаночай нагі, — пераканана сказаў Артур Левэн.
Такая рашучая заява дрыготкім ад хвалявання голасам не здзівіла мяне ані. Вытанчанасць і незвычайная прыгажосць адбітку на пяску кідаліся ў вочы. У тым, што гэта след чалавечай нагі, не было ніякіх сумненняў. Мажліва, тут прайшоў юнак або мужчына маленькага росту, але куды больш пэўна можна было сказаць, што след належыць якойсьці прыгажуні.
— Значыцца, Сарора населена людзьмі, — прамармытаў прафесар.
У ягоным голасе прагучала вельмі непрыемная мне нотка расчаравання. Антэль прывычна паціснуў плячыма і стаў аглядапь разам з намі пясчаны бераг возера. Мы знайшлі яшчэ колькі слядоў той самай істоты. Неўзабаве Левэн знайшоў за некалькі метраў ад берага яшчэ адзін след — ужо на сухім пяску, але таксама вільготны.
— Яна была тут сама больш хвілін пяць назад! — сказаў Левэн. — Купалася тут, пачула нашы галасы і ўцякла.
Мы ўсе былі перакананыя, што след належыць жанчыне. Затаіўшы дыханне, пачалі ўзірацца ў лясны гушчар, але там ніводзін сучок не трэснуў.
— У нас яшчэ будзе час пазнаёміцца, — сказаў Антэль, зноў паціснуўшы плячыма. — Але калі тут купаўся чалавек, значыцца, і мы можам асвяжыцца, нічога не баючыся.
Шаноўны прафесар умомант скінуў з сябе адзежу і адразу ж палез у возера. Услед за ім адважыўся і я. Пасля доўгага пералёту вада здалася нам такой свежай, такой прыемнай, што, зайшоўшы ў яе, мы адразу ж забыліся на сваё адкрыццё. Толькі Левэн задумаўся аб нечым і стаяў на месцы бы ўкапаны, усё роўна як і не з намі ён быў, а дзесьці зусім далёка адсюль. Я ўжо хацеў падражніць яго, як раптам убачыў уверсе, над вадаспадам, жанчыну!
Ніколі не забуду гэтага відовішча. Ад казачнай прыгажосці дзяўчыны, якая раптам з'явілася перад намі пад вогненна-чырвонымі промнямі Бетэльгейзе, у мяне заняло дух. Дальбог, у зіхоткай вясёлцы пырскаў гэтая дачка Сароры была падобная на багіню. Зусім голая, яна не таіла сваёй спакуслівай прыгажосці, такой кідкай у неверагодна моцным святле Бетэльгейзе, — за адзіныя строі былі ў яе доўгія, да пояса валасы. І хоць за два гады мы адвыклі ад жанчын і нам не было з кім параўнаць гэтую німфу, ніхто з нас, апісваючы дзяўчыну, не змог бы перабольшыць яе прыгажосці. Незнаёмая, што нерухома, бы статуя на п'едэстале, замерла на скале, мела сама ідэальную фігуру, якую толькі мог уявіць сабе зямлянін. Зачараваныя, мы з Левэнам нават уздыхнуць баяліся. Прафесар Антэль і той, як мне здалося, застыў уражаны.