Читать «Планета малпаў» онлайн - страница 10

Пьер Буль

Дзяўчына стаяла, падаўшыся наперад, з трохі адведзенымі назад рукамі, быццам ныральшчыца, гатовая кінуцца ў ваду. Яна назірала за намі і была збянтэжаная не менш за нас. Я быў такі ўсхваляваны, што нават не ўбачыў, які ў яе твар, хоць і досыць доўга ўзіраўся ў яе, — гэтак загіпнатызавала мяне яе дзіўнае цела. Толькі праз якую хвіліну я адзначыў сам сабе, што яна белая — скура ў яе была хутчэй залацістая, чым смуглявая, — даволі высокая, але не занадта. Пасля разгледзеў бездакорныя рысы чыстага твару, які можа хіба што прысніцца. І ўрэшце стаў узірацца ў вочы.

Тут я ажно ўздрыгнуў, такі нязвыклы для майго зямнога зроку быў у дзяўчыны позірк. Што ж, жыхарка такога далёкага свету павінна была хоць чымсьці адрознівацца ад нас. Але што ў яе вачах было не так, як у нас, я пакуль што, як ні намагаўся, вызначыць не мог. Адчуваў толькі, што позіркі нашыя зусім розныя. І не ў колеры яе вачэй была прычына такога ўражання, хоць іх шэры колер і меў даволі рэдкае на Зямлі адценне. Дзіўны быў выраз гэтых вачэй, дакладней, адсутнасць выразу: яны былі зусім пустыя і нагадвалі мне вочы адной няшчаснай вар'яткі, якую давялося некалі сустрэць.

Толькі ў позірку гэтай німфы над вадаспадам было не вар'яцтва, не!

Калі дзяўчына заўважыла, што за ёй назіраюць, яна раптам імгненна адскочыла, усё роўна як яе апякло ці ўдарыла токам. У гэты момант яна была падобная на спалоханага звярка. І гэта не быў спалох цнатлівай нявінніцы, якую заспелі голай, інакш бы яна не назірала за намі стоячы на адкрытым месцы ў такім выглядзе. Проста яе вочы не маглі або не хацелі вытрымліваць мой позірк. Павярнуўшы галаву ўбок, яна ўпотайкі паглядвала цяпер на нас скосу.

— Я ж казаў вам, што гэта жанчына, — прамармытаў Артур Левэн.

Ён усхвалявана вымавіў гэтыя словы голасам, ледзь чутным і нам самім, амаль шэптам, аднак дзяўчына пачула яго. Левэнавы словы прагучалі для яе, бы пярун: яна зноў адскочыла назад, і так хутка, што зноў нагадала мне спалоханага звярка, які кінецца зараз уцякаць. Але, адступіўшы на два-тры крокі і амаль што поўнасцю схаваўшыся за скалою, яна ўсё ж спынілася. Цяпер я бачыў толькі яе лоб і адно вока, якое пільнавала нас.

Мы нават паварушыцца не смелі, баючыся, што пры першым жа нашым руху яна знікне. І гэта супакоіла яе. Праз нейкі час яна зноў з'явілася на краі абрыву. І тут занадта ўсхваляваны Левэн не стрымаўся.