Читать «Планета малпаў» онлайн - страница 6
Пьер Буль
Падарожжа праходзіла без непрадбачаных здарэнняў. Адзінае, што замінала нам, дык гэта павелічэнне цяжару ў час разгону і тармажэння. Прыйшлося прывыкаць да таго, што мы ўжо важылі раза ў паўтара больш, чым на Зямлі. Спачатку стамляліся, аднак хутка асвойталіся і перасталі звяртаць на гэта ўвагу. Паміж перыядамі паскарэння і тармажэння мы былі ў стане поўнай бязважкасці, што спрычыніла розныя смешныя выпадкі, але гэта доўжылася ўсяго толькі некалькі гадзін, так што шкоды мы праз тое не мелі ніякай.
І вось нарэшце пасля доўгіх месяцаў палёту настаў дзень, калі мы з хваляваннем убачылі, як пачала расці на нашых вачах запаветная мэта — зорка Бетэльгейзе.
Раздзел III
Немагчыма расказаць, якія пачуцці выклікае такое відовішча. Зорка, якая яшчэ ўчора была маленькая зіхоткая кропачка, безыменная для нас, як і вялікае мноства ўсіх астатніх падобных адна на адну кропачак на бязмежным зорным небе, рабілася спакваля ўсё ярчэйшаю, большаю, блізкаю. Спачатку яна была бліскучым арэшкам, пасля ператварылася ў жоўценькі апельсін і, нарэшце, пачырванеўшы, спадобілася нашаму роднаму сонейку перад заходам. Нарадзілася наша новая нябесная маці, і мы ўжо штодня адчувалі яе цяпло і прыцягненне.
У той час зоркалёт ужо дужа знізіў хуткасць. Мы набліжаліся да Бетэльгейзе да тае пары, пакуль зорка не перакрыла сабою ілюмінатар. Яна была непараўнальна большая за ўсе бачаныя намі раней нябесныя целы — уражанне было проста казачнае. Антэль задаў прыборам новую праграму, і мы пачалі кружыць вакол звышгіганцкай зоркі. Пасля прафесар адрэгуляваў астранамічныя прыборы і пачаў назіранні.
Неўзабаве яму ўдалося адшукаць у сістэме чатыры планеты, вылічыць іх дыяметры і арбіты, па якіх яны круціліся вакол Бетэльгейзе. Адна з гэтых планет, другая ад зоркі, мела арбіту, блізкую да зямной. Яна была прыкладна тых самых памераў, што і Зямля, з атмасферай з кіслароду і азоту, і, плывучы ў трыццаць разоў далей ад Бетэльгейзе, ніж Зямля ад Сонца, атрымлівала прыблізна тую ж колькасць цяпла, што і наша планета: гэта тлумачылася памерамі зоркі і яе параўнальна невысокай тэмператураю.
Мы вырашылі пачаць спярша даследаваць менавіта гэтую планету. Прыборы атрымалі новую праграму, і зоркалёт хутка выйшаў на пастаянную арбіту. Тут, спыніўшы рухавікі, мы маглі добра прыгледзецца да нашай абранніцы. Праз тэлескоп былі бачныя моры і кантыненты.
Наш карабель быў дрэнна прыстасаваны пад пасадкі на планеты. Дзеля гэтага былі прадугледжаны тры маленькія ракетапланы, якія мы называлі катэрамі. У адным з іх мы і размясціліся ўтрох, прыхапіўшы некаторыя вымяральныя прыборы, а таксама Гектара; у шымпанзэ, як і ва ўсіх нас, быў скафандр, да якога ён ужо прызвычаіўся ў час палёту. Што ж да зоркалёта, дык мы пакінулі яго на пастаяннай арбіце непадалёк ад планеты. Там ён быў у большай бяспецы, чым карабель на якарнай стаянцы ў порце, мы ведалі, што аўтаматыка не дасць яму адхіліцца ад арбіты.