Читать «Планета малпаў» онлайн - страница 5

Пьер Буль

За ўвесь палёт у нас не было ніводнай сур'ёзнай непрыемнасці. Стартавалі мы з Месяца. Зямля і ўсе астатнія планеты хутка зніклі з поля зроку. Сонца імкліва змяншалася, пакуль не ператварылася ў аранжавы шар велічынёю з апельсін, потым стала меншае за сліву і нарэшце зрабілася маленькай зіхоткай кропкай, толькі адной з мільярдаў зорак нашай галактыкі, распазнаць якія ўдалечыні мог хіба што эрудыт Антэль.

Так што жылі мы без Сонца, але нічога непрыемнага праз тое не адчувалі: на караблі было штучнае святло, эквівалентнае сонечнаму. Не ведалі мы і нуды. Прафесара можна было слухаць гадзінамі. Чаго толькі я не ўведаў за гэтыя два гады — больш чым за ўсё папярэдняе жыццё! Займеў я і неабходны вопыт у кіраванні зоркалётам. Гэта было досыць проста: давалася заданне электронным прыборам, і яны самі рабілі ўсе разлікі і дакладна вызначалі курс.

Багата радасці прыносіў нам сад, які займаў на караблі шмат месца. Апроч усяго іншага, прафесар Антэль цікавіўся батанікай і сельскай гаспадаркай і імкнуўся праверыць некаторыя свае тэорыі развіцця раслін у касмічных умовах. Вопытным участкам была аранжарэя ў дзесяць кубічных метраў. Дзякуючы шматлікім стэлажам аб'ём нашай аранжарэі выкарыстоўваўся цалкам. Грунт пастаянна абнаўляўся хімічнымі ўгнаеннямі, і ўжо праз два месяцы з дня адлёту на градках пачала спець на нашую радасць усялякая гародніна, так што мы мелі здаровай свежай ежы колькі было трэба. Клапоцячыся пра карыснае, не забыліся мы і на прыемнае: адвялі адну секцыю аранжарэі пад кветнік — прафесар даглядаў яго асабліва дбайна. Гэты арыгінал захапіў з сабою яшчэ і некалькі птушак, матылькоў і нават адну малпу, маленькага шымпанзэ, якога мы назвалі Гектарам, — гарэза бавіў нас усю дарогу.

Я зразумеў з нашых гаворак, што прафесар досыць скептычна ставіўся да людзей. Ён часта казаў, што людзі — істоты, мякка кажучы, не зусім ідэальныя, і, напэўна, менавіта таму ў велізарным караблі, у якім магла б спакойна размясціцца не адна сям'я, была процьма ўсялякіх раслін, некалькі жывёлін і толькі тры чалавекі: сам Антэль, яго вучань Артур Левэн, малады фізік з вялікай будучыняй, і я, Уліс Меру, малавядомы журналіст — прафесар пазнаёміўся са мною, калі я браў у яго інтэрв'ю. Ён прапанаваў мне прыняць удзел у экспедыцыі, даведаўшыся, што ў мяне няма сям'і і што я добра гуляю ў шахматы. Мне, журналісту-пачаткоўцу, гэта была грандыёзная ўдача. Нават калі б удалося апублікаваць рэпартаж толькі праз васемсот гадоў — а можа, менавіта якраз таму, што праз васемсот гадоў! — мой матэрыял быў бы ўнікальны. Я з радасцю згадзіўся.