Читать «Творы» онлайн - страница 29

Франтишек Богушевич

Быў у чысцы!

Раз у дзень задушны, якраз апаўночы, Іду я дадому… а цёмна і ўюга — Не каб заліўшы саўсім ужо вочы, Але так, у меру падвыпіўшы туга; Іду і мяркую: ці то цяпер шчасце, Як паноў не стала, ці то была доля? І лічу на пальцах: паншчызны дванасце, А гадоў да трыццаць, як настала воля… Там быў аконам, камісар і цівун, Намеснік, ляснічы, хмістрыня, паны. І кожны меў права узяць за бізун, І кожны меў права да нашай спіны… А цяпер?.. Ой, штосьці кепска выходзе, Цяпер ці не болей настала паноў, Не надта свабодна у гэтай свабодзе. І давай я лічыць паноў новых зноў: Стараста, соцкі, пісар, старшына, Пасрэднік, ураднік, асэсар і суд, З'езд міравы, прысутства і сход… Аж паднялася са страху чупрына, Аж пальцаў не стала на весь гэты шчот. А пальцамі ж трэба карміць гэты люд!.. Іду… калі, шусць, як маланкай спаліць, Стаіць, так якраз, што умёр, аканом. Прыгледжуся — ён, тыкі ён і стаіць, І стрыжаны ж вус, і стаіць з бізуном… Схудаўшыся толькі: скура ды косць. А белы весь чыста, белы, як снег, Толькі на сэрцы плямачкі ёсць І плямкі на пальцах — мусіць, то грэх?.. «Браціку, — кажа, — браце Мацей! Ратуй маю грэшную душу З чысца, з рук подлых чарцей, Альбо навекі загінуць я мушу! Дваццаць пяць лет, што у чысцы я пёкся, Усе грахі выбыў, усіх жа адрокся, Толькі на сэрцы вот грэх, як смала, Прыліп да мяне і не змыты; То за жонку тваю: саграшыў, як жыла, За цябе, што нявінне быў біты. Ох, ідзі ты са мной, зачарпнуўшы вады, Аж да чысцу таго, аж на дне, І выбач ты мяне, што як быў малады, Твая жонка-краса спадабалася мне. І палій ты вадой мне на сэрца, Мацей, Буду Бога маліць за цябе, за дзяцей!» Я заплакаў з жалю, але думаю: досць Нацярпеўся і ён, балазе што жывы, Гэтак ссох ад агню — толькі скура ды косць. Пайду ў чысцец я той, пагляджу на дзівы!           І дзівы ж, браце мой, у тым чысцу, але! Чэрці кормяць смалой і гатуюць ў смале, І цягаюць, і рвуць, запрагаюць у воз, Кручком цягнуць кішкі і зубамі за нос, Вочы колюць ражном, пазурамі рвуць твар, Скрабуць скуру нажом, як на боты тавар. І каго ж тут няма? — тут і пан, і жабрак, Ганарал і салдат, аканом і мужык. А што баб і дзявок — сказаць так — Ўтрое больш, як мужчын ёсць на лік. Хто за што, а як баб — дык найбольш за язык. Языкі ж даўжыні — так, як добры ручнік. Іх і паляць смалой, і нажамі скрабуць, І ніяк дабяла прапаліць не магуць. Надта шмат маладых, што дурылі мужоў; Чараўніц, а і зводняў старых, Тут я шмат і знаёмых найшоў, Але так не чапаў ужо іх. З мужыкоў тут не надта каб шмат, А ўсё больш дык багатых паноў. На зямлі адцярпеўшы, наш брат На той свет, як па масле, пайшоў. А панам дык і трудна цярпець Без прывычкі, дык стогнуць, аж страх! Глянеш, пан, як, здаецца, мядзведзь, А чорт дышлам запрог і трах-тарарах, Бічам б'е, ражном пора у тыл, Морду круце набок і за кудлы трасе; Стук і крык, аж віхор круце пыл, Так пан чортавы воз той нясе. Там паны і муруюць й аруць, Вымятаюць і свінні пасуць, А смалу дык, як мёд, там жаруць, А камення, як горы, нясуць, — Усё ў пекле каб дно як зрабіць, А ўсё толку няма іх работы нігдзе: Тут яны робяць усё, абы збыць, І там ім гэтак работа ідзе. Я ж то думаў, што ксяндзоў тут няма. Калі зірк! аж і ксёндз тут сядзіць: Чорт яго аблажыў грашыма, Запаліў у грашах тых, і ксёндз так гарыць. А другі дык вісіць, але як? — Дык і стыдна мне вам гаварыць, А са стыду чырвоны, як рак, Вочы жмура, як кот, і гарыць. А тут баба яго так кляне Ды так лае з астатніх жа слоў, Што, каб гэтак хто лаяў мяне, Я б яго з свету даўно перавёў. Станавы, старшына і тый тут. Тым дык чорт усё грошы збярэ, Скруце цвёрды круцель або жмут Ды ў горла запрэ і даўбешкай пярэ; Каласірам ці чым там паліў, І жмут той у горле агнём запаліў… Але ж і ёсць там народу, аж цьма! І роду ўсякага, і стану, і веку, Хто не жыў на зямлі, таго тут няма; Няхай Бог сцеражэ там быць чалавеку! Ледзь я прайшоў аж у тую кануру, Гдзе аконам Бізуньскі цярпіць. Чорт і яго запрагае у фуру. Спацеўшы бедны, а енча: «Дай піць!» Я брызнуў крапідлам на твар, Ён аж зрадзеў, як дзіця, Як хапіўся рукой за той каламар, Што ўзяў я з вадой яму для піцця, Дык высахла зараз вада аж да дна; Ён стаў такі светлы, як гэты дымок, Стаў нікнуць, засталася пара адна, І знік так, як нікне на слоньцы аблок. Не помню, як выйшаў я з чысцу таго, Праснуўся у хаце на печы аж днём. Усе кругом плачуць, не ведаць чаго, А пале мяне дык так, як агнём! Трашчыць галава, баляць усе косці, І надта вады зажадалася піць. Напіўся і зноў паў я у млосці!.. От давялося ж у чысцы мне быць.