Читать «Творы» онлайн - страница 16

Франтишек Богушевич

Падарожныя жыды

Што крук круку не выдзюбае вока, То ведама даўно і ведама далёка; І гдзе крапчэйшыя дзяруцца, Дык слабшыя няхай жа не суюцца, Бо ўжо чубы напэўна што парвуць, Калі яны адзін другога не паймуць. З двух мястэчкаў два падвозцы Двух жыдоў вязлі напроці. Спаткаліся ж на вузенькай дарожцы, І ні адзін не уступае па ахвоце. Той кажа: «Парха ты вязеш, дарогу дай!» А той крычыць: «Ты пана мне не лай, Бо я твайго і біць гатоў!..» І біч смалёны тут завёў, А той у рукі ды бічышча… І замахалі так, аж свішча! Жыдкі у просьбу, каб гадзіцца. Куды табе! — ні прыступіцца. Так б'юць, аж кроў цячэ жыдам! «Ты б'еш майго, а я твайму аддам!» І, можа б, так насмерць пабілі, Дык хітра ж і жыдкі зрабілі: Той перасеў таму на воз, а той туды. І так запхалі абодва без бяды; І мужыкам так стала бліжэй дому, І крыўды ніякай нікому. Пазналіся жыдкі, пагергаталі, Дык мужыкі і біцца перасталі!           А што, каб так і мы зрабілі,           А можа бы, і нас не білі?

Хрэсьбіны Мацюка

Калісь, як у нас казакі-то стаялі, У «шнурах» за горкай раз мяне спаткалі. Сказаў «пахвалёны», а яны смяюцца, Адзін штось спявае, іншы дзьме на дудца, А старшы скіпеўся: «Ты што за адзін?» Думаю: хто ж я? — ужо ж Юркаў сын! «Тутэйшы, — кажу я, — свой чалавек: Сын бацькі свайго, а бацька дзяцей, Тут і радзіўся, тут жыву век; Юркам зваць бацьку, я дык Мацей. Вун гдзе і хата, і выган, і сад; Там жнець мая жонка, а тут гарэць брат!..»           Ён кіпіць горай, пытаючы, лае, Крычыць, і б'ецца, і ў твар штурхае. «Да хто ты, да хто ты, ці рускі, ці не?» Я дай круціцца туды і сюды, Думаю: што б тут сказаць яму мне? «Я не нашу, — кажу, — барады». «Да ты, — ён кажа мне, — веры якой? Ці ты праслаўны, ці ты — паляк?» «А дайце ж, паночку, — кажу, — мне пакой, Да я ж тутэйшы, я ж казаў так!..»           Як сцебане, пракляты, мяне, — Аж у вачах чырвона здалося! Каб я ж чым-кольвек ў якой віне, А то не ведаць, скуль узялося? Я кажу гэтак: «Калі ж ужо так, Што васпан б'ешся без дай прычыны, То, мусіць, і праўда, што я і паляк І буду паляк я ад гэтай гадзіны!..»           Ну і далі ж мне добра на знак: Цягнулі, біўшы, у Замаслаў, Каб помніў крэпка, што я паляк, Каб і вам гэта здарэнне сказаў!           Тое прайшлося, пайшлі і казакі, Калі пад восень завуць нас у збор. «Прыехаў, - кажуць, — начальнік такі, Сам князь Хаванскі, ідзіце у двор!» Трэба ўсё кідаць (хоць святам было).           Народам, як макам, весь двор заліло: Князь у палетах, васолы такі! «Эх, — кажа, — рыбяты! — вы дуракі, Што ў рускай зямлі ды каталікі! Ну, цар вас прымае ў сваю веру; Дасць зямлі многа!.. Вы на паперу Тут падпішыце, а поп пасвенце, — Будзе ўсё добра, усюды пашэнце. Ну, братцы, вып'ем па чарцэ усе; Бацюшка крыж і крапідла нясе!»           Мы ж толькі зірк адзін на другога, Маўчым, трасёмся, не кажым нічога: Ён Міруна за плечы узяў, Вядзець да стала, гарэлкі падаў: «Пій на здароўе і так пішы: — Вот сабраліся дзве тысяч душы; Рускую веру хочым прыняць, Каб каталіцкай не ведаць, не знаць…»           Мірун папярхнуўся, як хуста, збялеў, Глянуў на ўсіх, на мяне паглядзеў. «Як, — кажа, — людзі, так, — кажа, — я, Спытайце, — кажа, — вун Мацяя; Як ён ды скажа перавярнуцца, Дык усе вёскі на яго здадуцца».           Цягнуць мяне да таго князя, А тут аж мурашка за скурай лазе. «Ну што, маладзец, нап'ёмся водкі?» Даець мне грошы, такі салодкі: Усё гавора, радзе, пытае, Жонку цалуе, дзяцей гайдае. «Ну што ж, надумаўся, гатоў?..» «Надумаўсь, — кажу, — каб сто катоў Дралі мне скуру, пяклі на агню, Я веры сваей тыкі не змяню!»           Іх! закіпеў той князь, аж зароў, Аж вылупіў вочы, счырванеў ён, як кроў… «Розаг падайце, нагаек, сто лоз! Ён з веры смяецца мне тут пад нос!»           Хапілі мяне якісьць гайдукі, І розаг падалі чатыры пукі, І б'юць — не баліць, хоць за сэрца бярэ: За што ж ён мне гэта ды скуру дзярэ?! Як крыкну гэта: «Эй, бійце ж мацней, Мацнейшы ад веры вашай Мацей!»           О так-то хрысцілі мяне казакі З тутэйшага ды у палякі!