Читать «Выступленні» онлайн - страница 2

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Мы ўсе павінны знайсці слова для новых з'яў, для новых рэчаў, новага свету. Трэба памятаць, што мы самі шкодзім і сабе, і народу нашаму, пішучы рэчы пасрэдныя. Пісаць трэба цікавей, пісаць з большай адказнасцю. А то іншы раз мы займаемся бог ведае чым, толькі не той справай, да якой закліканы.

Слова на вечарыне, прысвечанай 50-годдзю

Сябры мае і сяброўкі!

От няўжо вы думаеце, што я быў бы чагосьці варты без вас, якія сышліся сюды з большай ці меншай там кожны дозай сімпатыі да мяне. Мабыць, нічога не быў бы варты без вас, дарагія, без зямлі беларускай вялікай, без вялікага беларускага народа, без вялікай беларускай мовы.

І таму дзякуй вам за тое, што вы ёсць, дзякуй зямлі беларускай за тое, што я еў яе хлеб, чорны, піў яе смачную ваду, дыхаў яе паветрам, паціскаў самыя верныя на свеце мужчынскія рукі ў дружбе, рукі нашых мужчын, і зрэдку шанцавала і мне цалаваць рукі самых мілых істот на свеце, нашых жанчын.

Дзякуй вам, людзі! Яшчэ раз тысячу раз дзякуй вам!

Без вас я нішто.