Читать «Выступленні» онлайн

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

Выступленні

Больш добразычлiвасцi

З выступлення Уладзіміра Караткевіча на пленуме праўлення СП БССР, які быў прысвечаны праблемам сучаснага беларускага рамана, 16 лістапада 1979 г. у другой палове дня

Трэба пісаць добрыя, вартыя часу творы, у тым ліку раманы. Гэтага за пісьменніка ніхто не зробіць, толькі адзін сам ён можа парадаваць чытача тым, што прыцягне яго ўвагу, што засяродзіць яго на праблемах важных і галоўных — такую думку праводзіць у сваім выступленні У. Караткевіч. Разам з тым, ён з трывогай гаворыць, што размова пра вартасці таго ці іншага твора, на жаль, часам яшчэ падмяняецца на пленумах, пасяджэннях секцый высвятленнем узаемаадносін паміж пісьменнікамі. Прыватнае, выпадковае пачынае засланяць сур'ёзную гаворку пра літаратуру, зводзіць яе да непатрэбнай агульшчыны.

А, мiж iншым, мы ўсе, гаворыць прамоўца, як тыя каменьчыкi ў мазаiцы. Выкiнь адзiн i мазаiка распадзецца. У лiтаратуры ж адбываецца нешта падобнае. Яна складаецца з талентаў рознай велiчынi. Адны пiсьменнiкi — больш таленавiтыя, другiя — менш. Але ж i без iх нельга мець поўнае ўражанне аб лiтаратурным працэсе, аб стане яго, аб перспектывах развiцця.

Больш добразычлівасці, уважлівасці адзін да аднаго, — на думку У. Караткевіча, гэтыя прынцыпы павінны стаць асноўнымі ў творчым асяроддзі. Ад гэтага толькі выйграе літаратура. І, вядома ж, чытач.

Драматург i тэатр

Выступленне на пасяджэнні секцыі драматургіі СП БССР

Неяк так атрымліваецца: паставіў тэатр дрэнны твор — ніхто не адказвае. Загубіў добрую п'есу — таксама ніхто не адказвае. П'есу прынялі і не паставілі — зноў вінаватых не знойдзеш.

Пiсаць цiкавей, з большай адказнасцю

З выступлення на VIII з'ездзе пісьменнікаў Беларусі 14 — 15 красавіка 1981 г.

Таварыш Быкаў зусім слушна гаварыў аб роўным, памяркоўным характары нашай літаратуры апошняга часу, аб тым, што яна губляе сваю ваяўнічасць, свой гнеў. Гэта мяне таксама дужа турбуе. Такая літаратура нагадвае паверхню якога-небудзь Марса, дзе з цягам часу ўсё выроўніваецца, горы рассыпаюцца, даліны заносяцца жвірам і рэльеф робіцца больш-менш роўным. Для літаратуры гэта кепска, і нам, таварышы, трэба думаць не толькі аб тым, што ў нас сёння свята, а ўсур'ёз устрывожыцца гэтай тэндэнцыяй да спакойнай ураўнаважанасці духу літаратуры.

Сапраўды, большасць таго, што мы пішам і друкуем, сведчыць толькі пра тое, што мы ўмеем пісаць. Але ўмелі пісаць таксама і валасныя пісары… Бяда наша — сярэдні ўзровень, шэрасць.

Турбуе тое, што творы нашы ўсё менш выклікаюць спрэчак. На вялікі жаль, здараецца яшчэ і так, што творы, якія маглі б усхваляваць, прымусіць думаць, спрачацца, штучна прытупляюцца або не пускаюцца ў свет праз лішнюю "осмотрительность" некаторых рэдактараў.

Яшчэ адна бяда, аб якой гаварылася, на жаль, мала, — гэта невыразнасць, нівеліраванне мовы, што таксама спараджае шэрасць у літаратуры.

Што зробіш, агульная урбанізацыя адбываецца і ў нас. Аднак пішам мы ў большасці шэра, нецікава і тым самым адштурхоўваем і таго чытача, які ёсць. Кніжны бум праходзіць; няхай нас не цешыць тое, што кніжкі нашы разыходзяцца: нас выручае мода на прыгожыя кніжкі, але мода пройдзе, пройдзе гэты бум (мэблевы, можа, не пройдзе, а кніжны пройдзе). Тады становішча будзе незайздроснае. Мне будзе дужа шкада, калі, скажам, унукі нашы не будуць чытаць раманаў прысутных тут пісьменнікаў. Як унікнуць такога становішча? Пра гэта трэба думаць сёння.